Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Улада шукае грошы на рамонт устаноў культуры і адукацыі


Магілёўскі гарвыканкам будзе зьбіраць ахвяраваньні на рамонт устаноў культуры ды адукацыі на адмысловы банкаўскі рахунак. Папаўняць яго будуць арганізацыі ўсіх формаў уласнасьці, бізнэсоўцы ды простыя грамадзяне.

Чым выкліканы збор сродкаў, не паведамляецца.

У першым паўгодзьдзі гарадзкі бюджэт недаатрымаў 42 мільярды 829 мільёнаў рублёў, бо значная частка мясцовых прадпрыемстваў спрацавалі са стратамі. Старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў распарадзіўся правесьці суботнік, каб сабраць грошы на рамонт дарог ды палепшыць выгляд і камфортнасьць гораду.

З ініцыятывай зьбіраць ахвяраваньні выступіла каардынацыйная рада пры гарвыканкаме, у якую ўваходзяць грамадзкія і нацыянальныя арганізацыі, палітычныя партыі ды прафарганізацыі. Бальшыня чальцоў рады прадстаўляюць праўладныя арганізацыі. А яе ініцыятыву, як паведамляецца, падтрымалі гарадзкія ўлады.

Намесьнік старшыні гарвыканкаму Мікалай Міхаленя тлумачыць:

«Грашовыя сродкі будуць накіроўвацца на капітальны рамонт і мадэрнізацыю ўстаноў культуры. На капітальны рамонт фасаду і даху магілёўскай школы выяўленчага мастацтва, на набыцьцё музычных інструмэнтаў, мэблі».

Старшыня каардынацыйнай рады Зінаіда Пянькова заяўляе, што сродкі будуць зьбірацца добраахвотна.

«Было прапанавана адкрыць у горадзе такі рахунак, а таксама стварыць апякунскую раду з прадстаўнікоў розных катэгорыяў людзей, у тым ліку і ад грамадзкасьці, якая магла б плянаваць і разьмяркоўваць сабраныя грошы. Сродкаў патрэбна дужа шмат, і, магчыма, іх і не хапае».

Старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў сумняваецца, што грошы будуць зьбірацца добраахвотна.

«Даўно адпрацаваная практыка — рассылаюцца лісты па прадпрыемствам з просьбай пакласьці пэўную суму, і яна будзе пакладзеная. Тое ж і з прыватнымі камэрцыйнымі арганізацыямі. Я ня веру, што грошай няма. Ёсьць жа сродкі рамантаваць плошчу Леніна ў Магілёве. Рамонт вядзецца там ударнымі тэмпамі. Адкуль грошы на гэты рамонт?

Дзе грошы знайсьці? Скараціць ідэалягічныя аддзелы! Гэта можна хоць і заўтра. Пагатоў яны і супрацьзаконныя. І грошы зьяўляюцца. Трэба жыць па сродках. Мы плацім падаткі, а як яны расходуюцца — хто ведае?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG