Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Калі Буньюэлю было ўжо семдзесят, у сьне да яго прыйшла найсьвяцейшая Панна. У сьне грала Шубэртава «Трэцяя песьня Элен», Марыя ласкава гаварыла зь ім, «лютым атэістам», а сам грэшнік «стаяў, укленчыўшы, з вачыма, поўнымі сьлёзаў, адчуўшы, як напаўняецца верай, трапяткой і непахіснай».

Я глядзела твае фільмы, — сказала Панна. — У іх шмат моцы.

Я здыму фільм пра цябе, — усклікнуў рэжысэр.

Лепш ня трэба, — зморшчылася Марыя. — Уяўляю, што пра мяне падумаюць. Табе ўсё адно, а ў мяне рэпутацыя.

Ён не паслухаўся — бязбожнік усё ж. Але з гэтага цудоўнага сну добрага фільма не атрымалася. Усё было блякла і невыразна. Божай ласкай атэісту было пра што задумацца. Рэпутацыя Марыі не пацярпела — а рэжысэр перажыў першае вялікае расчараваньне.

3 сьнежня 1930 у адным з парыскіх кінатэатраў паказвалі ягоны «Залаты век». Пасярод сэансу ў залю ўварваліся бравыя малойцы, пачалі перакульваць крэслы, зрываць са сьценаў карціны абстракцыяністаў, аблілі экран атрамантам, распылялі сьлезацечны газ. «Сьмерць яўрэям і бальшавікам!» — крычалі гэтыя маладыя французы. Нават сон не бывае апалітычным. Нават атэізм можа быць рэлігійным. Нават кіно можа не існаваць.

А калі двое бязбожнікаў спалучаюць свае сны ў адзін — зьяўляецца новая вера. А калі трое? Дзесяць? Так і адбылося з Буньюэлем: спачатку яго паплечнікам быў Далі, потым Брэтон, які заклікаў выходзіць увечары на вуліцы і страляць у натоўп, у каго-небудзь ды патрапіш — і які называў гэта мастацтвам. А за імі — цэлая хрэстаматыя іншых паэтаў і мастакоў. Цэнтар нездаровага сну ў сусьветным Палацы культуры.

Буньюэль вызваліў кіно ад гледача — а заадно і ад панаваньня сымбаляў. Усё, што адбываецца ў яго найлепшых фільмах, нічога ня значыць і нічога не ўвасабляе. Дасягненьне? Вядома. Толькі так можна застацца чалавекам у сьвеце, дзе нішто — лаянка. Дарэчы, Валянціна Акудовіча можна было назваць Буньюэлем беларускай філязофіі — цудоўнага жаху ў ім ня менш, а яго кнігі цалкам можна экранізаваць. Рэдкасьць для філязофскіх трактатаў.

Першыя фільмы Буньюэля выклікаюць адчуваньне, што ты паглядваеш. Вельмі падобны эфэкт маюць, дарэчы, і раманы Роб-Грые. Рэчы, пазбаўленыя абрыдлага сымбалізму, паўстаюць у сваёй першабытнай красе. Позьні Буньюэль — гэта ўжо запрашэньне да гульні. Да шпацыру ў чужым сьне. Пароль: калыханка. Словы кожны вольны прыдумаць сам. А ня можаш — калі ласка: ноч, вуліца, рэвальвэр.

Ён памёр праз трынаццаць гадоў пасьля сустрэчы з Паннай, 29 ліпеня 1983 у Мэхіка. А «Андалюскі сабака» дагэтуль гуляе па сьвеце. Ад мёртвага асла вочы глядзяць на нас, нічога ня значачы, нічога ня кажучы, абуджаючы ў нас нішто.
XS
SM
MD
LG