Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Віталя Васількова асудзілі за «супраціў міліцыі»


Віталь Васількоў

Віталь Васількоў

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў, які 26 ліпеня наведаў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна, куды днём раней прывезьлі Віталя Васількова.

26 ліпеня Віталя Васількова ў ізалятары на Акрэсьціна наведаў актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў. Ад яго стала вядома, што ўвечары 25 ліпеня Віталя Васількова асудзілі ў Маскоўскім судзе і прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту за аказаньне супраціву міліцыі.

«Перадачу для Віталя прынялі. Паведамілі, што яго асудзілі за „супраціў міліцыі“, нібыта аказаны пры затрыманьні. Мне невядома, ці зьбілі яго, але мяркую, што бяз гвалту не абышлося. Ведаю, што Віталь грукаў у дзьверы аўтамабіля, калі яго туды цягнулі людзі ў цывільным, і толькі пасьля гэтага яны паказалі пасьведчаньні», — распавёў Павал Вінаградаў.

Актывіст «Гавары праўду» Віталь Васількоў 25 ліпеня быў схоплены невядомымі на ганку будынка, дзе знаходзіцца офіс «Гавары праўду». Пра некаторыя падрабязнасьці Васількоў паведаміў праз тэлефон пазьней, а потым сувязь зь ім перарвалася. Адвакат зьбіраецца наведаць Віталя Васількова ў панядзелак, 29 ліпеня.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Кіраўнік «Гавары праўду», былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў распавёў, што за некалькі хвілін да затрыманьня Віталь Васількоў быў разам зь іншымі актывістамі ў офісе, дзе адзначалі вызваленьне Ўладзімера Някляева ад пакараньня. На месцы Віталя Васількова мог апынуцца любы актывіст «Гавары праўду», мяркуе Ўладзімер Някляеў, які бачыў гэтае затрыманьне і лічыць яго паказальным.

«Прычыны для затрыманьня не было, акрамя адной. Гэта паказаць актывістам „Гавары праўду“, найперш маладым актывістам, што ніякай волі наперадзе, ніякага паслабленьня ў нашай сёньняшняй сытуацыі няма чаго чакаць. І калі лідэра кампаніі дзеля гульні з Захадам можна вызваліць, то з вамі як абыходзіліся, гэтак і будзем абыходзіцца. Вось што адбылося ўчора».
XS
SM
MD
LG