Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль МЗС Украіны ўсё яшчэ чакае пацьвярджэньня, ці прыедзе Аляксандар Лукашэнка на сьвяткаваньне 1025-годзьдзя хрышчэньня Кіеўскай Русі, той зьбіраецца наведаць менскі аквапарк.

Прадстаўнік МЗС Украіны Яўген Пэрэбыйніс зазначыў Інтэрфаксу, што «на гэты момант няма пацьвярджэньня з нагоды прыезду прэзыдэнта Беларусі». Раней украінскія СМІ пісалі, што ў пятніцу-суботу Лукашэнка з пазашлюбным сынам Мікалаем наведае Кіеў.

Тым часам прэсавая служба беларускага кіраўніка паведаміла, што 26 ліпеня Лукашэнка наведае менскі аквапарк:

«Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца сёньня з ходам будаўніцтва аквапарку ў Менску.

Кіраўніку дзяржавы таксама даложаць аб выкананьні яго даручэньняў па будаўніцтве ў сталіцы сацыяльна значных аб’ектаў і стварэньні сеткі спартыўных фізкультурна-аздараўленчых комплексаў», — паведамляе БелТА са спасылкай на прэсавую службу беларускага лідэра.

Аквапарк з прылеглымі тэрыторыямі займае 38 гектараў. Часткова ён будзе разьмяшчацца на адкрытым паветры. Усяго ў аквапарку будзе абсталявана 11 асноўных водных горак, ня лічачы дзіцячых. Агульная колькасьць водных атракцыёнаў — 13. Самая доўгая горка ў даўжыню складае больш за 212 мэтраў, а вышыня самай высокай — 20. Агульная працягласьць усіх горак дасягае амаль 1,3 км. У аквапарку таксама будзе 11 басэйнаў і 5 джакузі. У склад аб’екта ўвойдзе і гасьцінічны комплекс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG