Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме дамагаюцца аднаўленьня на працы Івана Шэгі


Іван Шэга
Іван Шэга

Кіраўнікі слонімскіх партыйных арганізацый зьвярнуліся да старшыні райвыканкаму Ёсіфа Паўлюкевіча з просьбай аднавіць на працы лекара-траўматоляга, актывіста Партыі БНФ Івана Шэгу, зь якім не працягнулі кантракт у сувязі з пэнсійным узростам.

Ад партыі «Справядлівы сьвет» зварот падпісаў Сяргей Бузун, ад БНФ — Віктар Марчык, ад БХД — Іван Бедка, ад АГП — Сяргей Бялько, ад «Руху за Свабоду» — Алесь Масюк.

Сярод іншага яны напісалі, што ў раённым шпіталі нестае спэцыялістаў узроўню Івана Шэгі, што ён хоча і яшчэ можа працаваць, што ў гэтым жа шпіталі з многімі іншымі лекарамі-пэнсіянэрамі кантракты працягнутыя. Рашэньне пра непрацяг кантракту з Іванам Шэгам актывісты назвалі суб’ектыўнай памылкай галоўнага лекара Слонімскай ЦРБ Юрыя Пяцельскага.

Але гэтыя аргумэнты не пераканалі старшыню райвыканкаму. Ёсіф Паўлюкевіч адказаў, што з Іванам Шэгам працоўныя адносіны спыненыя ў адпаведнасьці зь дзейным працоўным заканадаўствам.

Кіраўнік слонімскай арганізацыі «Руху за Свабоду» Алесь Масюк абураны такім адказам:

«Мы ўсе добра разумеем, што Шэгу фармальна не працягнулі кантракт згодна з заканадаўствам. Але мы думалі, што старшыня райвыканкаму, валодаючы рэальнай сытуацыяй у шпіталі, ня будзе заплюшчваць вочы на тое, што там нестае вопытных лекараў і што з-за палітычных поглядаў Шэгі нельга пазбаўляць кваліфікаванай мэдычнай дапамогі сотні пацыентаў. Аказваецца — не, галоўнае ў нас ня лекар, а ягоныя палітычныя погляды».

Паводле Масюка, ніхто зь сябраў грамадзкіх арганізацый нават не сумняваецца, што Шэгу звольнілі з-за таго, што ён доўгі час узначальваў у горадзе партыйную арганізацыю БНФ.

За тое, каб лекара Шэгу аднавілі на працы, было таксама сабрана больш за паўтары тысячы подпісаў слонімцаў, але ўлады і на гэта ніяк не адрэагавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG