Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легкаатлетка Аліна Талай: Наш колер — бел-чырвона-белы


Прызёрка чэмпіянатаў сьвету і Эўропы ў бар’ерным спрынце Аліна Талай распавяла «Прессболу» пра яе стаўленьне да нацыянальнага сьцягу і беларускай мовы.

Прапануем фрагмэнт інтэрвію.

— Вядома, я вырасла пад чырвона-зялёным сьцягам і мне падабаецца, калі яго ўздымаюць у мой гонар, але ўсё ж давайце ня будзем падманваць адзін аднаго: наш колер — бел-чырвона-белы.

Куды падзець гісторыю дзяржавы да 1917 году? Трэба забыць пра тое, што нашы прадзеды стагоддзямі палівалі гэтую зямлю сваёй крывёю? Які нам тады будзе кошт — як Іванам, якія ня памятаюць каранёў?

Скажу шчыра: раней была катэгарычная ў гэтым пытаньні. Проста не магла зразумець: ну няўжо некаторым людзям так на ўсё напляваць, што яны не знаходзяць час хаця б прачытаць пару кніжак пра гісторыю сваёй краіны? Але потым зразумела, што старэйшаму пакаленьню было не да гэтага, яно ўвесь час выжывала і быў заклапочаны думкамі аб хлебе надзённым. Неяк ужо атрымліваецца, што мой асяродак складаюць людзі, якія мараць пра сапраўднае нацыянальнае адраджэньне Беларусі.

Ты б іх выдатна падтрымала, калі б давала гэтае інтэрвію па-беларуску.

— Часам задумвалася б, падбіраючы патрэбныя словы. Апошні раз размаўляла па-беларуску ў школе, цяпер у мяне такой практыкі няма. Але, не хаваю, хацелася б яе мець. Гэта ўсё ж родная мова.

Раней двухразовая сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў у Лёндане Аляксандра Герасіменя заявіла, што з пункту гледжаньня эстэтыкі ёй больш сымпатычны бел-чырвона-белы сьцяг.

«Ды і гісторыя ў яго куды больш багатая і насычаная — Вялікае княства Літоўскае, Наваградак, Мір, Нясьвіж, той жа Клецк. Мне ня хочацца думаць аб тым, што Беларусь вядзе адлік ад 1917 года, і ганарыцца тым, што мы чэмпіёны сьвету па колькасьці вуліц Леніна, Маркса, Энгельса і яшчэ бог ведае каго, хто ў нас зроду ня быў. У нашай гісторыі ёсьць нямала слаўных дат, і давайце ня будзем забываць, што ў свой час ВКЛ было адной з самых уплывовых дзяржаваў Эўропы», — сказала раней знакамітая плаўчыха таксама газэце «Прессбол».

«Вельмі вялікае ўражаньне на мяне зрабіла інтэрвію „Прессболу“ нашага знакамітага гісторыка Захара Шыбекі, у якім ён распавёў шмат чаго пра невядомыя старонкі гісторыі краіны. Шкада, вядома, што мы выпусьцілі ініцыятыву і літоўцы лічаць сябе нашчадкамі той вялікай дзяржавы. Нам не хапае каранёў, каб адчуць сябе вялікай нацыяй, а генэтыка — вялікая штука, якая творыць цуды нават праз стагодзьдзі», — лічыць спартоўка.

Бел-чырвона-белы сьцяг на стадыёне "Дынама"

Бел-чырвона-белы сьцяг на стадыёне "Дынама"



Раней пра сьцягі выказваліся і іншыя спартоўцы.

У біятляністкі Дар’і Домрачавай падчас прэс-канфэрэнцыі спыталі, што яна адчувае, калі бачыць на трыбунах бел-чырвона-белы сьцяг. Яна адказала так:

«Заўсёды прыемна адчуваць падтрымку. Я абараняю колеры чырвона-зялёнага сьцяга, ён уздымаецца ў гонар маіх перамог. Мне здаецца, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай. Думаю, людзі атрымліваюць задавальненьне ад выступленьняў незалежна ад іх палітычных поглядаў».

Штурхальніца ядра Надзея Астапчук сказала ў інтэрвію goals.by, што ў гісторыі Беларусі ёй самы цікавы пэрыяд ВКЛ, бо «гэта сапраўднае беларускае дзяржаўнае фармаваньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG