Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы скандал з высечкай парку: цяпер у Полацку


Гэтага месца адпачынку неўзабаве ня стане

Гэтага месца адпачынку неўзабаве ня стане

Невялікі парк, які стварае зялёную зону паміж полацкімі чыгуначным і аўтобусным вакзаламі, мясцовыя ўлады дазволілі зьнішчыць, каб збудаваць на яго месцы вялікі гандлёвы цэнтар.

Палачане зьбіраюць подпісы і супраць зьнішчэньня дрэваў, і супраць будаўніцтва чарговай крамы, у якое інвэстуюць дзьве менскія кампаніі. Але спыніць працэс не ўдаецца: будаўнічую пляцоўку ўжо абгароджваюць плотам.

Зьяўленьне двухпавярховай будыніны з харчовай крамай на першым паверсе і крамай бытавой тэхнікі на другім не было прадугледжана генэральным плянам будаўніцтва гораду. Зьмены ў генпляне не абмяркоўваліся. Аўкцыёну на прыцягненьне лепшага інвэстара не праводзілася. І ўвогуле, падобна, што мясцовыя ўлады сфальсыфікавалі вынікі галасаваньня пра гэтую будоўлю, якое апошні раз праводзілася 1 ліпеня — такія аргумэнты выкладаюць незадаволеныя жыхары Полацку, зьбіраючы подпісы пад калектыўнымі лістамі ў Камітэт дзяржкантролю.

Подпісы зьбіраюць тры групы пратэстоўцаў. Першая — гэта звычайныя гараджане, перадусім жыхары бліжэйшай вуліцы Кастрычніцкай. Блізкасьць двух вакзалаў і так стварае нязручнасьці — у дварах заўжды шумна і смуродна. А калі яшчэ дадасца новая вялікая паркоўка, павялічыцца рух грузавых машын з таварамі для новай крамы, ды яшчэ зьнішчаць адзіную зялёную выспачку ў навакольлі? Сваім абурэньнем тутэйшыя жыхары падзяліліся і з ініцыятарамі «Народнага рэфэрэндуму», намесьнікам старшыні руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам і адным зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Сяргеем Вазьняком, якія 25 ліпеня наведалі Полацак.
Пляцоўка пад будаўніцтва

Пляцоўка пад будаўніцтва

Размова з жыхарамі ў двары Кастрычніцкай вуліцы

Размова з жыхарамі ў двары Кастрычніцкай вуліцы



Будаваць у гэтым раёне яшчэ адну вялікую краму многія палачане ўвогуле лічаць недарэчнасьцю: адразу праз дарогу — супэрмаркет «Дыяніс», побач з аднаго боку — крама «Эўраопт», з другога — гастраном «Аліса». Магчыма, у раёне вакзалаў быў бы патрэбны аб’ект грамадзкага харчаваньня, тым больш што старую «Бульбяную» таксама зносяць пад новабудоўлю. Але пра гэта гаворкі няма: улады дазволілі будаваць гандлёвы цэнтар.

Інвэстыцыйны праект будаўніцтва рэалізуюць менскія кампаніі «НТС» і ЗАТ «Патыё». І гэта выклікае незадавальненьне ў мясцовых прадпрымальнікаў, якія таксама пішуць лісты ў Камітэт дзяржкантролю. У іх свае падставы быць незадаволенымі: яны таксама былі б ня супраць збудаваць паміж вакзаламі нейкі гандлёвы аб’ект, але паводле ўласнага праекту — такія прапановы, прычым з захаваньнем парку, таксама былі. Але гарадзкімі ўладамі яны не прынятыя.

Полацкія актывісты кампаніі «Гавары праўду» зьбіраюць подпісы пад зваротам у пракуратуру — каб там спраўдзілі, ці ў парадку дакумэнты на дазвол будаўніцтва. Некалькі дзясяткаў подпісаў мясцовы актывіст Юры Бельскі разам зь Юрасём Губарэвічам і Сяргеем Вазьняком перадалі ў Полацкую пракуратуру.
Сяргей Вазьняк зьбірае подпісы

Сяргей Вазьняк зьбірае подпісы


Прыхільнасьць полацкага выканкаму да сталічных інвэстараў мясцовыя жыхары тлумачаць проста: агульны кошт праекту — больш як 50 мільярдаў рублёў. Зь іх амаль мільён даляраў прызначаны на добраўпарадкаваньне прывакзальнай плошчы — але ўжо бяз парку з каштанамі і ліпамі. Таксама кіраўніцтва менскіх гандлёвых кампаній заявіла пра сваю гатоўнасьць добраўпарадкаваць бліжэйшыя двары і ахвяраваць на патрэбы гораду яшчэ 5 мільярдаў рублёў спонсарскіх сродкаў, прычым 900 мільёнаў з гэтай сумы ўжо пералічана. Паколькі ў бюджэце няма грошай, гарадзкія ўлады вырашылі дазволіць будоўлю і зьнішчэньне парку, а на прапанаваныя грошы добраўпарадкаваць… гарадзкія могілкі.

Тым часам як жыхары прывакзальнага раёну пратэстуюць супраць будаўніцтва крамы, насельнікі аддаленага мікрараёну «Аэрадром» дужа б хацелі, каб новы гандлёвы аб’ект збудавалі ў іх. Там інфраструктура неразьвітая. Але інвэстары лічаць больш прывабным менавіта раён вакзалаў.
Частка парку, якая трапляе пад знос

Частка парку, якая трапляе пад знос


Юрась Губарэвіч: «У Полацку адчуваецца, што жыве ініцыятыва «нізоў»: людзі гатовыя адстойваць свае думкі, хоць нехта і лічыць марнай справай змаганьне з уладамі. Але пераважная большасьць кажа, што сапраўдная ўлада — толькі тая, якая абіраецца, а не прызначаецца. Гэтую праблему мы б таксама хацелі ўзьняць на „Народным рэфэрэндуме“»..

Пэўны плён ад грамадзкіх пратэстаў ёсьць: плян будаўніцтва ўжо ня раз пераглядаўся ў напрамку зьмяншэньня колькасьці дрэваў, асуджаных на зьнішчэньне.
XS
SM
MD
LG