Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнку так хутка спатрэбілася памяняць дырэктара БКК і што за гэтым хаваецца?

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначыў, што БКК — гэта найбуйнейшая ўласнасьць Беларусі, якая можа каштаваць да 30 мільярдаў даляраў:

«Узьнікла дзіўная сытуацыя: стварылі „Саюзкалій“ са штаб-кватэрай у Швайцарыі. Далей прыбіраецца рэальны кіраўнік прадпрыемства, яго садзяць у будынак прэзыдэнта на адлегласьць выцягнутай рукі. І прызначаецца жанчына, якая ніколі ня будзе пярэчыць, а будзе старанна выконваць усё, што толькі падумае прэзыдэнт. Адсюль вынікае, што пытаньне пра тое, як расьпілаваць „Беларуськалій“, пераносіцца ў Менск.

З расейскага боку ў якасьці ўласьніка выступае чалавек з Дагестану. Узьнікае пытаньне: навошта рабіць штаб-кватэру ў Швайцарыі кампаніі, якая зьяўляецца славянскай, беларуска-расейскай? Дзеля таго, каб там пераразьмяркоўваць грашовыя патокі і там ствараць авуары? Што, нельга было абраць Салікамск ці Салігорск? Чаму менавіта Швайцарыя? Тым больш — там усё дорага, там немагчыма гатэль наняць.

Я займаюся гэтай праблемай. Справа ў тым, што ў стратэгічныя пляны Крамля ўваходзіць нацыяналізацыя калійнай галіны ў Расеі. Таму сытуацыя вельмі цікавая. Калі Лукашэнка скажа, што дамовіліся з Крамлём, што „Саюзкалій“ будзе першай міждзяржаўнай народнай кампаніяй у інтарэсах усіх грамадзян Беларусі і Расеі, тады мы можам убачыць, што гэта чыстыя і сьветлыя пэрспэктывы. Калі ж усё вось так будзе цішком — аднаго прыбралі, паставілі жанчыну, нешта там у Швайцарыі намалявалі, нешта на рахункі паклалі — то можна казаць пра вялікую намэнклятурную гульню з сумай у 30 мільярдаў даляраў.

Мае разьлікі паказваюць, што калі б працоўны калектыў атрымаў толькі 30% ад акцыяў калійнага камбінату, то кожны работнік прадпрыемства мог бы атрымаць акцыяў па паўмільёна даляраў. То бок калі працуюць муж і жонка, то яны ўжо аўтаматычна мільянэры. Вось кошт пытаньня. Вельмі цікава, што будзе далей у Беларусі. Ці зьявяцца ў Салігорску гэтыя мільянэры?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG