Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчна і Эсьлінген разышліся з-за Карпенкі


У 1953 годзе, 60 гадоў таму, былі падпісаныя першыя дамовы аб «парадненьні» беларускіх гарадоў з замежнымі.

Цяпер нават некаторыя раённыя цэнтры маюць сваіх «пабрацімаў» у іншых частках сьвету. І хоць партнэрскія адносіны носяць збольшага фармальны характар і рэдка выліваюцца ў рэальныя праекты, ёсьць і выключэньні. Прычым ня толькі тыя, якія грунтуюцца на эканамічных ці культурных сувязях, але і такія, што акрэсьліваюць стаўленьне тамтэйшых адміністрацыяў да палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Беларускія гарады маюць блізу 300 пабрацімаў у амаль чатырох дзясятках краін. Геаграфія сяброўства увесь час зьмяняецца, бо наўпрост залежыць ад палітычнай арыентацыі вышэйшага кіраўніцтва. Так, на пачатку 1990-х, калі Беларусь набыла незалежнасьць і ўзяла курс на эўрапейскую інтэграцыю, быў пэрыяд збліжэньня зь Нямеччынай — два дзясяткі нямецкіх гарадоў знайшлі адрасы аднадумцаў у Беларусі. Актыўнасьці спрыяла перадусім роля гэтай краіны ў рэабілітацыі дзяцей з забруджаных Чарнобылем рэгіёнаў. На гэтай жа глебе пачалося сяброўства з Італіяй, якая таксама ахвотна прымала малых беларусаў. Аднак цяпер сувязі амаль страчаныя — улады Беларусі ў аднабаковым парадку згарнулі чарнобыльскія праграмы, выезд на аздараўленьне стаў цяжкавырашальнай задачай.

Адметны прыклад — некалі плённае супрацоўніцтва Маладэчна і нямецкага Эсьлінгена-на-Нэкары. Першыя высілкі на гэтым шляху зрабіў тагачасны старшыня Маладэчанскага гарвыканкаму Генадзь Карпенка, і хутка адносіны двух гарадоў сталі вельмі цеснымі. Нягледзячы на тое, што Карпенка стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету, быў абраны віцэ-сьпікерам парлямэнту і пераехаў у Менск, жыцьцё на маршруце Маладэчна — Эсьлінген віравала.

Пасьля «рэвізіі» заканадаўчай улады Генадзь Карпенка перайшоў у апазыцыю і разглядаўся рэальным кандыдатам на вышэйшую дзяржаўную пасаду. У 1999-м ён загадкава памірае, а празь нейкі час на запрашэньне бургамістра Эсьлінгена ў Нямеччыну зьяжджаюць ягоная жонка Людміла Піліпаўна, дзеці Тацьцяна і Дзьмітрый. Як кажа Людміла Карпенка, пасьля такога жэсту немцаў двухбаковыя кантакты паступова былі згорнуты:

«Наколькі я ведаю, нейкае супрацоўніцтва ёсьць, але выключна на грамадзкім узроўні — не на афіцыйным, не на дзяржаўным. Паказальна, што немцы стараюцца, намагаюцца наладзіць кантакты на дзяржаўным узроўні, але,
маладэчанскія ўлады дагэтуль у пэўнай ступені баяцца мінулага, таго, што гэта ўсё адно будзе працяг Карпенкі
зразумелая справа, у іх нічога не выходзіць. Таму што маладэчанскія ўлады дагэтуль у пэўнай ступені баяцца мінулага, таго, што гэта ўсё адно будзе працяг Карпенкі. У Беларусі чыноўнікі, вядома ж, да сёньняшняга дня гэтага прозьвішча баяцца. Што да Эсьлінгена, стаўленьня да нашай сям’і, то ўжо больш за 10 гадоў гэтыя адносіны застаюцца самымі цёплымі. Заўсёды яны памятаюць пра Генадзя, пра нас. Нават ня толькі ў жалобны для нас дзень, але памятаюць пра ўсе дні нараджэньня. Многія кіраўнікі гораду мяне дагэтуль наведваюць. Не пакрыўлю душой, калі скажу, што стаўленьне нават больш цёплае, больш сяброўскае, чым стаўленьне маладэчанцаў».

Дэкляраваныя адносіны добрасуседзтва яшчэ ў 1990-х выліліся ў 40 міжгарадзкіх дамоваў з Польшчай, 25 — з Украінай, 20 — з Латвіяй, 8 — зь Літвой. Аднак відавочны ўхіл у бок саюзнай Расеі паступова карэктуе геаграфічныя прыярытэты. Згодна з наяўнымі зьвесткамі, цяпер амаль 80 расейскіх гарадоў значацца ў сьпісе беларускіх пабрацімаў, а вось кантакты з эўразьвязаўскімі суседзямі абцяжарваюцца ня толькі візавымі бар’ерамі, але і крытычным стаўленьнем да афіцыйнага Менску. І спадзявацца на зьмену курсу ў такіх умовах наўрад ці выпадае. Як кажа Людміла Карпенка, у тым жа Эсьлінгене-на-Нэкары заўсёды рады бачыць апанэнтаў беларускай улады:

«Нядаўна, у гэтым годзе, на запрашэньне ўладаў Эсьлінгена сюды прыяжджаў Андрэй Саньнікаў. У іх ёсьць адмысловая міжнародная прэмія ў галіне правоў чалавека, якая прысуджаецца адзін раз на два гады — дарэчы, калісьці яе атрымаў Віктар Ганчар. Сёлета яе ўручылі адной з праваабаронцаў Азэрбайджану. Дык вось, на імпрэзе прысутнічала цалкам мая сям’я — я і мае дзеці. А таксама быў запрошаны Андрэй Саньнікаў... Вядома, мне вельмі хочацца паглядзець і Маладэчна, і Менск, вельмі туды цягне. У першую чаргу — каб пабываць на магілках майго мужа, маіх бацькоў, якія таксама там спачываюць, у Беларусі. Мяне гэта вельмі трывожыць, бо ня ведаю, у якім стане там усё. А ўвогуле на першым часе кожную ноч сьніла сваю кватэру, сьніла, як я хаджу па Менску...»

Прытулак у Нямеччыне знайшлі многія прадстаўнікі беларускай апазыцыі, уключна зь сям’ёй былога міністра ўнутраных спраў, віднага грамадзкага дзеяча Юрыя Захаранкі, які быў выкрадзены ў траўні 1999 году, пасьля чаго бясьсьледна зьнік.

Новыя геапалітычныя інтарэсы Менску ўплываюць на пошук адпаведных партнэраў за мяжой. Нягледзячы на фармальную эўрапейскасьць Беларусі, да якой улады не без гонару апэлююць, нават на лякальным узроўні сувязі мінімальныя. У Аўстрыі, Славаччыне, Чэхіі, Фінляндыі, Румыніі, Ізраілі беларусы знайшлі па адным роднасным горадзе, у Бэльгіі, Галяндыі, Швайцарыі, Швэцыі — па два. Лепшыя справы ў стасунках зь Вялікай Брытаніяй і Францыяй — чатыры і восем гарадоў-пабрацімаў адпаведна. Зрэшты, гэтым беларуская гарадзкая прысутнасьць у Эўропе і сканчаецца. З далейшых краёў па два гарады ёсьць у ЗША і Канадзе, адзін у Японіі.

Затое, словамі Аляксандра Лукашэнкі, дае плён пошук сяброў там, «дзе Беларусь ня ведаюць і яшчэ чакаюць» (у алфавітным парадку): Азэрбайджан, Ангола, Армэнія, Баўгарыя, Віетнам, Індыя, Іран, Куба, Мэксыка, Сэрбія, Таджыкістан, Турэччына. Апошнім часам набывае актуальнасьць кітайскі напрамак — да 5 пабрацімаў, якія ўжо ёсьць, гатовыя дадацца яшчэ столькі ж.
XS
SM
MD
LG