Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папраўкі ў выбарчае заканадаўства — у адміністрацыі


Законапраект аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у выбарчае заканадаўства цяпер на разглядзе ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Восеньню ён можа быць разгледжаны парлямэнтам.

Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Ён не выключае, што ў жніўні пройдзе нарада па гэтым пытаньні. Паводле Лазавіка, папраўкі ў выбарчае заканадаўства павінны быць прынятыя да маючых адбыцца ў 2014 годзе выбараў у мясцовыя Саветы.

Ён удакладніў, што «асноўныя папраўкі тычацца ня столькі мясцовых, колькі парлямэнцкіх выбараў». Хоць некаторыя будуць тычыцца і мясцовых выбараў. «У прыватнасьці, мы прапануем, каб і ў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў былі асабістыя выбарчыя фонды», — сказаў Інтэрфаксу Лазавік.

У канцы студзеня гэтага году пытаньні зьмены заканадаўства аб правядзеньні выбараў абмяркоўваліся на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. У прыватнасьці, тады разважалі, ці варта ўносіць у выбарчае заканадаўства зьмяненьні, якія б выключылі агітацыю за байкот выбараў.
XS
SM
MD
LG