Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вілмаш Сіклавары: дачыненьні паміж Беларусьсю і ЭЗ паляпшаюцца


«Сам факт паездкі міністра замежных спраў Уладзіміра Макея ў Брусэль паказвае, што дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам паляпшаюцца», — заявіў сёньня амбасадар Вугоршчыны ў Беларусі Вілмаш Сіклавары, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра стан цяперашніх адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

Ягоны калега, амбасадар Сэрбіі ў Беларусі Стаян Еўціч дадаў: «Тое, што цяпер Макей можа езьдзіць без усялякіх праблемаў у Эўропу, вельмі карысна. Толькі перамовы могуць палепшыць дачыненьні паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю».

Амбасадары Вугоршчыны і Сэрбіі сёньня правялі разам з кіраўніком «Белавія» Мікалаем Гусаравым сумесную прэсавую канфэрэнцыю з нагоды адкрыцьця палётаў па маршруце Бялград — Будапэшт — Менск. Як паведаміў спадар Гусараў, самалёты будуць лётаць двойчы на тыдзень, палёт да Будапэшту і назад зь Менску будзе каштаваць 220 эўра, а кошты да Бялграду і назад — 255 эўра. Першапачаткова лінію будуць абслугоўваць канадзкія самалёты на 50 месцаў, у пэрспэктыве мяркуецца перайсьці на бразыльскія самалёты большай зьмяшчальнасьці.

Адказваючы яшчэ на адно пытаньне Свабоды, амбасадар Сэрбіі сказаў, што цягам бліжэйшага часу ў Беларусь прыляцяць прыкладна 500 сэрбскіх будаўнікоў. Яны будуць працаваць у Менску і ў Віцебску. У Менску яны будуць узводзіць жыльлё, а ў Віцебску — жыльлё і турыстычны комплекс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG