Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор: Вайніцкі меў фінансавыя праблемы


Раман Вайніцкі

Раман Вайніцкі

Супрацоўнікі Віленскай акруговай пракуратуры і Службы расьсьледаваньня фінансавых злачынстваў Літвы вывучаюць фінансавыя дакумэнты, знойдзеныя ў кватэры і на працы Рамана Вайніцкага.

«Мы маем два мяхі самых розных дакумэнтаў, якія трэба перагледзець, выканаць экспэртызы, падрыхтаваць высновы», — сказаў парталу balsas.lt віленскі акруговы пракурор Роландас Імбрасас.

Паводле яго, цяпер высьвятляецца, адкуль арганізацыі Вайніцкага атрымлівалі фінансавую падтрымку. Паводле папярэдніх зьвестак, дапамога дасылалася ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краінаў. Таксама — з структурных фондаў Эўрапейскага Зьвязу. Цяпер правяраецца маёмасьць Вайніцкага і іншых удзельнікаў арганізацыі «Сябрына». Ёсьць падазрэньне, што частка сродкаў выкарыстоўвалася не паводле прызначэньня.

Даведаўшыся, што праваахоўныя органы «наступаюць яму на пяткі», Вайніцкі вырашыў скончыць жыцьцё самагубствам, імітуючы гвалтоўную сьмерць. Так лічаць праваахоўнікі, якія атрымалі пацьверджаньне судмэдэкспэртаў, што беларускі грамадзкі дзеяч памёр ад электрычнага разраду.

Паводле папярэдняй вэрсіі, Вайніцкі сказаў жонцы, што ідзе ў падвал, там заклеіў сабе рот, зьвязаў ногі, а пасьля і рукі. Паўзком дабраўся да адкрытых электрычных дратоў і, дакрануўшыся да іх, памёр ад электрычнага разраду.

«З гэтай прычыны ўзьніклі кровападцёкі і драпіны, таму спачатку думалі, што яго катавалі», — падзяліўся дэталямі сьледзтва Імбрасас.

Цела Вайніцкага было знойдзенае ў падвале дома на вуліцы Капсу ў Вільні 6 сакавіка. Спусьціўшыся туды, жонка знайшла мужа мёртвым і паведаміла паліцыі. Пасьля яна знайшла напісаны Вайніцкім тэстамэнт на імя сына. Выявілася, што ён таксама заплаціў наперад за кватэру.

Грамадзкі актывіст кіраваў клюбам «Сябрына», які карыстаўся памяшканьнем у Доме нацыянальных суполак, падтрымліваным Эўразьвязам. Ён таксама працаваў загадчыкам гаспадаркі ў беларускай школе імя Францішка Скарыны. Дарэчы, пракуратура ад пачатку зацікавілася дзейнасьцю Вайніцкага ў школе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG