Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь абвінаваціла Літву ў сабатажы канструктыўнага дыялёгу пра будоўлю АЭС у Астраўцы.

Яна заявіла, што мае намер самастойна арганізаваць абмеркаваньне справаздачы пра ацэнку ўзьдзеяньня будучай АЭС на навакольнае асяродзьдзе.

Пра гэта гаворыцца ў заяве на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі.

«Рэкамэндацыі Камітэту па ажыцьцяўленьні канвэнцыі Эспа беларускім бокам знаходзяцца ў стадыі выкананьня. Адказы на абсалютна ўсе пытаньні літоўскага боку былі яму прадстаўленыя», — гаворыцца ў заяве.

«Нядаўнія заявы двух міністраў ураду Літвы сьведчаць пра тое, што ён фактычна забараніў сваім грамадзянам свабодна абмяркоўваць важнае для абедзьвюх краін пытаньне», — заяўляюць у Мінпрыроды.

24 ліпеня Літва выказала Беларусі заклапочанасьць з прычыны «аднабаковага рашэньня» Менску арганізаваць на беларускай тэрыторыі дыскусіі зь літоўскай грамадзкасьцю пра ацэнку ўплыву будучай беларускай АЭС на навакольнае асяродзьдзе, паведамляе Міністэрства замежных спраў Літвы.

Паводле інфармацыі зьнешнепалітычнага ведамства, такую пазыцыю выклаў віцэ-міністар Андрус Крывас (Andrius Krivas) на сустрэчы з паслом Беларусі ў Літве Ўладзімірам Дражыным.

«Такое рашэньне не адпавядае палажэньням Канвэнцыі Эспа, абмяжоўвае ўдзел літоўскіх грамадзян у такіх мерапрыемствах і не дадае канструктыўнасьці ў дыялёгу Літвы і Беларусі па пытаньнях бясьпекі Беларускай АЭС», — гаворыцца ў прэс-рэлізе літоўскага МЗС.

Беларуская амбасада ў Літве нядаўна заявіла, што 17 жніўня ў Астраўцы арганізуецца сустрэча зь літоўскай грамадзкасьцю і спэцыялістамі па пытаньнях экалёгіі будучай АЭС.

У сваю чаргу МЗС Літвы нагадаў, што гэтая дыскусія аб справаздачы пра ўплыў Беларускай АЭС на навакольнае асяродзьдзе ня можа адбыцца, паколькі беларускі бок яшчэ не адказаў на зададзеныя яму пытаньні.

На сайце амбасады Беларусі паведамляецца, што ў інфармацыйным цэнтры беларускай АЭС у Астраўцы адбудзецца сход зь літоўскай грамадзкасьцю і спэцыялістамі па абмеркаваньні справаздачы пра ўплыў Беларускай АЭС на навакольнае асяродзьдзе. Беларускі бок гарантуе грамадзянам Літвы бясплатную візавую падтрымку і дастаўку ўдзельнікаў мерапрыемства ад дзяржаўнай мяжы ў Астравец і назад.

Літва ня раз крытыкавала Беларусь за тое, што тая недастаткова дбае пра бясьпеку будучай АЭС, якую плянуецца пабудаваць за 50 кілямэтраў ад Вільні.
XS
SM
MD
LG