Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляева вызвалілі завочна

Суд Ленінскага раёну Менску вызваліў былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева ад пакараньня.


10:41 25.7.2013
На пытаньне Свабоды ці будзе ён удзельнічаць у выбараў, Някляеў адказаў:

«Яшчэ падчас суду пасьля Плошчы, я заяўляў, што не прызнаю сябе вінаватым і не буду выконваць іх абмежаваньні. Так і зараз. Я дакладана не ведаю ці буду выстаўляць сваю кандыдатуру, але дакладна магу сказаць, што не буду гэтае пытаньне ўзгадняць з уладамі, а буду дзейнічаць згодна свайго пляну».

У пастанове суду радка «судзімасьць зьнятая» няма. Таму юрысты пакуль самі дакладна не могуць сказаць, як гэта могуць трактаваць дзяржаўныя органы, у тым ліку і ЦВК.

Паводле камэнтару адвакаткі Тамары Сідарэнкі, удзел Някляева ў будучых прэзыдэнцкіх выбарах пасьля гэтага суду ўсё роўна пад пытаньнем:

«Судзімасьць — гэта тое, што чалавек яшчэ нейкі час лічыцца судзімым. А потым яна гасіцца, і чалавек больш ня лічыцца судзімым. Але факт прыцягненьня да судовай адказнасьці застаецца, і ён можа паўплываць на рашэньне ЦВК аб рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта, калі Ўладзімер Някляеў пажадае ўзяць удзел у новых выбарах».

Праваабаронца зь «Вясны», юрыстка Тацяна Равяка:

«Пытаньне вырашаецца проста: трэба глядзець у пастанову суду аб спыненьні крымінальнага перасьледу. Калі там напісана, што судзімасьць зьнятая, значыць, Някляеў можа вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах любога ўзроўню. Калі такога запісу няма і судзімасьць ня зьнятая, гэта азначае, што бліжэйшыя два гады спадар Някляеў ня можа вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах».

Паводле Ўладзімера Някляева, запісу аб зьняцьці зь яго судзімасьці ў дакумэнце, які ён атрымаў, няма. «Але ў любым выпадку я буду кіравацца ня гэтым дакумэнтам, а сваім меркаваньнем», — сказаў Уладзімер Някляеў пра будучую палітычную дзейнасьць.
10:38 25.7.2013
Уладзімер Някляеў судзьдзю сваю так і не пабачыў. Пастанову ўручыла сакратарка, якая паведаміла, што судзьдзя цяпер на іншым працэсе па скасаваньні шлюбу.
10:17 25.7.2013
Някляеў заявіў, што пакуль не адчувае сябе вольным чалавекам. Кажа, што яго перавялі ў асобнай камэры ў агульную. «У Беларусі ўсе грамадзяне ў пэўным сэнсе вязьні і закладнікі, нават нявольнікі», — заявіў Някляеў.

Ён згадаў візыт кіраўніка МЗС Беларусі у Брусэль. Маўляў, Макея запрашалі абмеркаваць вызваленьне палітвязьняў, а ён там стаў імі гандляваць, як нявольнікамі.

Някляеў паабяцаў, што будзе працягваць змагацца «каб гэты рэжым зьнік».

Былы палітвязень таксама паведаміў пра свае бліжэйшыя пляны: наведаць роднае мястэчка Крэва, куды не змог патрапіць на Дзяды, бо ня меў дазволу на выезд зь Менску.
10:12 25.7.2013
Уладзімер Някляеў зайшоў у кабінэт да судзьдзі і выйшаў з пастановай суду ад 23 ліпеня 2013 году, у якой гаворыцца, што ён вызвалены ад пакараньня.

«Я вольны! Суд прайшоў без мяне, без адвакатаў», — заявіў Уладзімер Някляеў.

На працэс прыехалі прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, якія, як і ўсе прысутныя, зьдзіўленыя такім працэсам.

Загрузіць яшчэ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG