Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўніцы Круглянскага льнозаводу, які ўлады вырашылі закрыць, дамагліся выплаты заробкаў за красавік і травень, а таксама адпускных. Цяпер яны патрабуюць кампэнсацыі нявыдадзенага малака за шкоднасьць.

20 чэрвеня супрацоўніцы завода зьвярнуліся ў раённы суд з патрабаваньнем аплаціць ім заробак. Заробленае жанчынам выплацілі яшчэ да судовага разьбіральніцтва. Цяпер праз суд яны дамагаюцца, каб ім кампэнсавалі грашыма малако за шкоднасьць, якое не выдавалі больш за паўгода, а таксама вярнулі даплату на аздараўленьне — яе налічвалі разам з адпускнымі.

Малако абавязаныя былі выдаваць штодня па паўлітра.

"Ад кастрычніка мінулага года да сёлетняга траўня нам яго не выдавалі. За гэтыя месяцы мне, напрыклад, завод завінаваціўся малака на суму больш за 600 тысяч. Завод адмаўляецца нам выплачваць кампэнсацыю. Мы хочам гэта адсудзіць. Ці аддадуць нам гэтыя грошы, невядома. Заробкі яны нам аддалі яшчэ да суда. Мне, напрыклад, выплацілі 5 мільёнаў — тут і заробкі і адпускныя разам",— кажа адна з працаўніц льнозавода.

20 траўня працаўнікам Круглянскага льнозаводу паведамілі, што прадпрыемства закрываюць. Людзі выступілі супраць. Некалькі дзён яны прыходзілі на прахадную і моўчкі чакалі, што начальства перадумае, але марна. Пазьней 24 працаўніцы былі адпраўленыя ў адпачынак з разьлікам, што за гэты час яны знойдуць сабе занятак самі. З прапановай езьдзіць на працу на Шклоўскі льнозавод жанчыны не пагадзіліся.

Цяпер бяз працы застаюцца трынаццаць чалавек. Яны спадзяюцца, што іх возьмуць на нарыхтоўку льну, якім у Круглянскім раёне засеяна 1000 гектараў.

Льнозавод у Круглым закрываюць з-за вялікіх даўгоў, якія складаюць 10 мільярдаў рублёў. Большая іх частка нарасла ад 2005 году з-за невысокай рэнтабэльнасьць працы прадпрыемства. Некаторым працаўніцам льнозаводу прапаноўвалі перавучвацца на гандлярак і цырульніц.
XS
SM
MD
LG