Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь, Расея, Украіна аб’ядноўваюцца супраць чумы сьвіней.

Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт на сустрэчы з кіраўнікамі вэтэрынарных службаў Беларусі і Ўкраіны ў чацьвер абмяркуе выпрацоўку сумесных захадаў дзеля барацьбы зь вірусам афрыканскай чумы сьвіней (АЧС).

Пра гэта паведаміла РИА Новости са спасылкай на Рассельгаснагляд.

Сустрэча адбудзецца ў Менску. У ёй таксама возьмуць удзел кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднага эпізаатычнага бюро (МЭБ) па Ўсходняй Эўропе Казімірас Лукаўскас і віцэ-прэзыдэнт рэгіянальнай камісіі МЭБ па Эўропе Іван Бісюк.

АЧС не паддаецца лячэньню, не адчувальны да прафіляктыкі шляхам вакцынаваньня. Спыніць распаўсюджваньне віруса можна толькі жорсткімі карантыннымі захадамі.

У Расеі вірус распаўсюджваецца з 2007 году, за гэты час там зьнішчаныя сотні тысяч сьвіней. Сёлета ён дабраўся да Белгарадзкай вобласьці на мяжы з Украінай, дзе вырабляецца амаль чвэрць усёй сьвініны ў Расеі. Паводле зьвестак, пададзеных на сайце Рассельгаснагляду, на 19 ліпеня ў РФ зарэгістравана 85 актыўных асяродкаў АЧС.

У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня ўспышкі АЧС былі зарэгістраваныя ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях Беларусі, у сувязі з чым Рассельгаснагляд абмежаваў увоз у Расею сьвініны з гэтых рэгіёнаў. Пра ўвод абмежаваньняў на беларускую сьвініну абвясьцілі Літва і Ўкраіна, Польшча хоча адгарадзіцца ад Беларусі плотам.

Раней кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі Леанід Заяц заяўляў, што вірус сьвіной чумы мог быць занесены ў краіну з кармамі для жывёл, якія паходзілі з Расеі.

Ва Ўкраіне, зь якой мяжуе Белгарадзкая вобласьць, АЧС сёлета зафіксаваная не была. Аднак Мінаграпрам Украіны робіць усе захады, каб не дапусьціць занясеньня ўзбуджальніка хваробы на сваю тэрыторыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG