Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадэрнізацыя — спрабуюць з аглоблі дугу зрабіць


Міхал Залескі

Міхал Залескі

У Беларусі ўзмоцнена адказнасьць кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў за невыкананьне пляну мадэрнізацыі.

Гэта прадугледжана адпаведнай пастановай Савету міністраў. Згодна з пастановай невыкананьне кіраўніком мерапрыемстваў комплекснай мадэрнізацыі ці зрыў тэрмінаў іх выкананьня будзе кваліфікавацца як «грубае парушэньне працоўных абавязкаў». Ці магчыма правесьці мадэрнізацыю адміністратыўна-каманднымі мэтадамі? Што ўвогуле беларускія ўлады разумеюць пад гэтым паняцьцем?

На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: Ці можа спалучацца мадэрнізацыя і пакараньне кіраўнікоў прадпрыемстваў за «невыкананьне пляну»? Іншымі словамі, ці магчыма правесьці мадэрнізацыю адміністратыўна-каманднымі мэтадамі?

Залескі: Ёсьць нават такі ўстойлівы выраз — «аўтарытарная мадэрнізацыя». Але тут, мне здаецца, спрабуюць з аглоблі дугу зрабіць. Бо нават аўтарытарная мадэрнізацыя прадугледжвае жаданьне суб’ектаў мадэрнізацыі, якое рэалізуецца нейкімі жорсткімі сродкамі. А тут — няма суб’ектаў мадэрнізацыі. Гэта ж не Сынгапур, і гэтыя кіраўнікі самі нічога не прадпрымаюць. Яны пільнуюцца толькі свайго інтарэсу. Якая мадэрнізацыя ім патрэбная?

Цыганкоў: У гісторыі здаралася, калі нейкія рынкавыя рэчы праводзіліся жорсткімі крокамі ўлады. Тыя ж азіяцкія драконы, тая ж Маргарэт Тэтчэр, якая прымусова ажыцьцяўляла прыватызацыю. Выглядае, у Беларусі не зусім такі варыянт?

Залескі: У нас проста нявызначанасьць. Той самы Лукашэнка сказаў — давайце ня будзем нічога прымусова рабіць, ні прыватызаваць, ні мяняць. Для мадэрнізацыі патрэбная рашучасьць рухацца да мэты. Але гэтую мэту трэба мець. У нас ніхто мэты не назваў. Мадэрнізацыя — навошта? Што мы хочам атрымаць у яе выніку?

Цыганкоў: У тлумачэньнях прадстаўнікоў улады выглядае, што галоўная мэта мадэрнізацыі — тэхнічнае пераабсталяваньне, замена станкоў на больш сучасныя. Ці дастаткова гэта для сапраўднай мадэрнізацыі?

Залескі: Мне прыгадваецца анэкдот часоў перабудовы — «раней мы працавалі цяяп-ляяп. А цяпер паскарэньне, і мы працуем хутка — цяп-ляп-цяп-ляп».

Сёньня трэба ў першую чаргу мець рынкі збыту. На іх паказваць высокую якасьць і нізкую цану для спажыўца. Тады прадукцыя будзе канкурэнтаздольная. Трэба разабрацца, з кім і чым мы будзем канкурыраваць. А мы працягваем савецкі «наступ шырокім фронтам».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG