Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясковы гандаль: дорага, бяз выбару і няякасна


Тавары з нацэнкай, адсутнасьць выбару, няякасны тавар на паліцах — гэта ўсё адметнасьці крамаў спажыўкаапэрацыі.

Захаваная Лукашэнкам савецкая сыстэма гандлю на вёсцы калі з гадамі і зьмянілася, то нязначна. Патроху сяльпоўскія крамы зачыняюць, а на іх месца прыходзяць аўталаўкі. Харчы там сьвяжэйшыя, але выбару няма, дый нацэнкі застаюцца.

Пра крамы спажыўкаапэрацыі на Магілёўшчыне

Прыгарадная магілёўская вёска Княжыцы. Да гораду дзесяць кілямэтраў. Невялікая крама пры разбураным касьцёле. Крамныя паліцы не пустуюць. Вяскоўцы кажуць, што тут усё неабходнае ёсьць, але ж адзначаюць і недахопы.

Спадар: «Я вось за тры месяцы толькі адзін раз там быў. Сказаць, што яна кепская, ня скажаш, ды й добрая — таксама. Цэны там кусаюцца ў параўнаньні з горадам. Не нашмат, але як я кожны дзень ежджу ў горад, то мне лепей там набываць. Там усё ж выбар большы».

Спадарыня сталага веку: «Тры разы на тыдзень хаджу сюды. Іншым разам выбіраюся ў горад. Селядзец там таньнейшы, і яшчэ якую рыбу можна набыць. У вёску вязуць жа ўсё дарагое. У горадзе я магу селядца купіць за 17 тысяч, а тут больш за дваццаць, а бывае, і за трыццаць дзьве тысячы. Розьніца вялікая».

Спадар сталага веку: «Нават бутэлька віна. Я сам ня п’ю, але безь віна ў вёсцы нельга. Кажу чалавеку каня прывесьці, а ён мне: „Ці будзе гэта?“ Калі няма, то сабраўся і пайшоў. Гэта ж вадкая валюта. У горадзе самае дарагое віно 0,7 літра — 16 тысяч, а тут — 26 тысяч. У горадзе большы асартымэнт і можна выбраць. А тут — што прывезьлі, тое бяры. Нават хлеб нясьвежы, а ўсё адно бяры».

У крамніцы пытаюся: чаму тавар у вясковай краме даражэйшы, чым у гарадзкой?

«У нас жа як раён атрымліваецца, таму і даражэй. Гэта ж прывоз. Бэнзін. Транспартныя выдаткі адыгрываюць таксама вялікую ролю».

рама ў вёсцы Княжыцы

рама ў вёсцы Княжыцы



Крама ў вёска Княжыцы не зусім тыповая. Побач зь вёскай — шаша з Магілёва на Менск, таму вяскоўцы могуць без праблемаў дабрацца да абласнога цэнтру па дэфіцытныя тавары. У глыбінцы ж сытуацыя крыху іншая.

«У невялікіх крамах, дзе праверак няшмат, сунуць усё, што могуць, з сапсаванага тавару. Рыба ў іх такая бывае ці мандарыны», кажа жыхар адной зь вёсак Бялыніцкага раёну.

Як адзначаюць жыхары аддаленых вёсак, найбольш перападае ад гандлю, які вядзе спажыўкаапэрацыя, мясцовым выпівохам. Ім прадаюць большую частку сапсаванага тавару.

Што да аўталавак, то яны езьдзяць па вёсках тры разы на тыдзень. Сталыя векам вяскоўкі на пытаньне, ці хапае ім таго, што прывозяць, адказваюць, што ім шмат ня трэба.

«Мы ў аўталаўках тавару ня бачым. Там усё па скрынях. Скажаш, што, — тады яна дае. А так, каб самі паглядзелі й выбралі, то такога няма. Мы ня ведаем, ці тавар пратэрмінаваны, ці не. Якія тавары прывязуць, такія мы і бяром», — кажа жыхарка адной зь вёсак Быхаўскага раёну.

У рэдкія вёскі наведваюцца з таварам прыватныя гандляры. Некаторыя выбіраюць дачныя паселішчы — там народ багацейшы за вяскоўцаў, кажуць бізнэсоўцы. У вялікіх вёсках прыватныя крамы зачыняюцца, бо і там нявыгадна гандляваць з той жа прычыны — безграшоўя. Стаўленьне вяскоўцаў да прыватнікаў адмоўнае — кажуць, што прадаюць няякасны тавар. Цяпер вяскоўцы выбіраюцца ў гарады па школьныя тавары.
XS
SM
MD
LG