Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: 500 тысяч даляраў хабару — гэта плян для сілавікоў


Адразу 5 крымінальных спраў завялі ў КДБ супроць хабарнікаў у кіраўніцтве «Белкаапсаюзу». Гучныя крымінальныя справы супроць карупцыянэраў заводзяцца зноў і зноў, але хабарнікаў пры ўладзе не становіцца меней.

У Сьледчым камітэце расьсьледуецца адразу некалькі гучных спраў высокапастаўленых чыноўнікаў, абвінавачаных у карупцыі і службовых злоўжываньнях: справа былой дырэктаркі Белдзяржцырку Тацяны Бандарчук, былога дырэктара Менскага мясакамбінату Ўладзімера Лазоўскага, былога кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Менску Генадзя Пасевіна.

КДБ Беларусі таксама прадэманстраваў, што змагаецца з карупцыяй. 23 ліпеня прэсавая служба КДБ паведаміла пра завядзеньне 5 крымінальных спраў па фактах хабарніцтва ў «Белкаапсаюзе» і пра тое, што ў сувязі з гэтым затрыманыя старшыня «Белкаапсаюзу» Сяргей Сідзько, начальнік управы капітальнага будаўніцтва «Белкаапсаюзу» Дзьмітрый Калодзезны і ягоны намесьнік Сізук. У паведамленьні КДБ для прэсы сьцьвярджаецца, што затрыманыя нібыта займаліся «вымагальніцтвам за прадстаўленьне аб’ёмаў будаўнічых работ на аб’ектах спажыўкаапэрацыі, а таксама продаж інвэстарам зямельных участкаў і аб’ектаў нерухомасьці». Паводле КДБ, хабары, якія атрымлівалі адказныя супрацоўнікі «Белкаапсаюзу», сягалі 500 тысяч даляраў.

Сяргей Сацук

Сяргей Сацук

Незалежны журналіст Сяргей Сацук, які дасьледуе тэму карупцыі ў Беларусі, згадаў, што фактычна штогод кагосьці з супрацоўнікаў сярэдняга ўзроўню ці мясцовых начальнікаў сыстэмы «Белкаапсаюзу» арыштоўвалі за хабар ці іншыя злоўжываньні. Тое, што чарга дайшла і да кіраўніцтва «Белкаапсаюзу», у Сяргея Сацука не выклікае зьдзіўленьня. Журналіст мяркуе, што да такой сфэры, у прыватнасьці, як продаж аб’ектаў нерухомасьці, даўно трэба было праявіць больш увагі:

«У „Белкаапсаюзе“ вельмі шмат маёмасьці, якая дрэнна выкарыстоўваецца. Ведаю, што недалёка ад Менску ў малых гарадках, райцэнтрах, як, прыкладам, Смалявічы, выстаўляліся на продаж аб’екты па 500 квадратных мэтраў гандлёвых плошчаў усяго за адну базавую велічыню. З умовай, што іх адрамантуюць, адновяць і гэтак далей. Цалкам магчыма, што нехта хацеў танна такі аб’ект набыць, і ім сказалі, што арганізуюць куплю за адну базавую велічыню, але вы нам — 500 тысяч даляраў. Такі варыянт магчымы, асабліва зь нерухомасьцю».

У КДБ паведамілі, што затрыманых кіраўнікоў «Белкаапсаюзу» зьмясьцілі ў СІЗА, але ня кажуць, ці ім ужо выставілі канкрэтнае абвінавачаньне. Паводле закону абвінавачаньне мусяць выставіць цягам 10 дзён і далей альбо арыштаваць затрыманых, альбо вызваліць. Праўда, магчымы і працяг тэрміну затрыманьня з далейшым працягам расьсьледаваньня.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, апавядаючы пра сваё знаходжаньне ў СІЗА КДБ у якасьці падазронага ў арганізацыі масавых забурэньняў 19 сьнежня 2010 году, згадаў пра абвінавачанага ў эканамічных злачынствах, які сядзеў у камэры больш за год. «Яго зрэдку выклікалі на допыт і патрабавалі вярнуць нібыта накрадзеныя грошы. Ён адказваў, што грошай у яго больш няма, тады яго вярталі ў камэру са словамі „Пасядзі, падумай“. Гэтак працягвалася месяцамі», — згадаў палітык Уладзімер Някляеў. З кіраўнікамі «Белкаапсаюзу», на яго думку, зараз будзе нешта падобнае:

«Сыстэма, якую стварыў Лукашэнка, — наскрозь карупцыйная. За тое ж самае можна арыштоўваць кіраўнікоў зь любой установы ці міністэрства, дзе неяк разьмяркоўваюць зямлю, жытло, маёмасьць, нерухомасьць. І за гэта трэба судзіць найперш стваральнікаў такой сыстэмы. Вось зараз узяліся за „Белкаапсаюз“. Але ня факт, што іх у выніку пасадзяць. Там мэтад такі: адразу „выбіваюць“ грошы. Узялі, скраў — значыць, аддай. Вось ужо названая лічба ў 500 тысяч даляраў. Гэтая пэўная лічба названая для сілавікоў, каб яны гэтыя грошы „выбілі“ з затрыманых. А сілавікі спрабуюць яшчэ і перавыканаць плян, каб нешта яшчэ ўзяць сабе. Мяркую, з усіх разам яны там „павыбіваюць“ увесь мільён».

У «Белкаапсаюзе» затрыманьні старшыні і адказных супрацоўнікаў управы капітальнага будаўніцтва не камэнтуюць. На ўмовах ананімнасьці супрацоўнікі паведамілі толькі, што затрымалі таксама двух прадпрымальнікаў.
XS
SM
MD
LG