Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МЗС Літвы: у Брусэлі абмяркоўвалася пытаньне аб вызваленьні беларускіх палітвязьняў


Уладзімер Макей у Брусэлі

Уладзімер Макей у Брусэлі

На сустрэчы міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства», якая прайшла 22 ліпеня ў Брусэлі з удзелам кіраўніка беларускага МЗС Уладзімера Макея, абмяркоўвалася пытаньне аб вызваленьні палітвязьняў у Беларусі.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе МЗС Літвы:

«Так, гэтае пытаньне ўздымалася. Вызваленьне палітзьняволеных і іх поўная рэабілітацыя агучвалася як адна з галоўных умоў. Кіраўнікі МЗС таксама агучылі жаданьне бачыць больш канструктыўнае стаўленьне з боку Беларусі».

На пытаньне пра рэакцыю Ўладзімера Макея ў прэс-службе адзначылі:

«Літоўская дэлегацыя знайшла рэакцыю Беларусі больш канструктыўнай, чым раней. Не на ўсе пастаўленыя пытаньні быў дадзены адказ і некаторыя тэмы замоўчваліся, але літоўская дэлегацыя знайшла ў выказваньнях больш канструктыўнасьці і жаданьня выбудоўваць адносіны з ЭЗ».

Адразу пасьля сустрэчы Ўладзімер Макей на пытаньне брусэльскага карэспандэнта Радыё Свабода, «ці абмяркоўвалася зьняцьцё санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да афіцыйнага Менску ў абмен на вызваленьне палітвязьняў», адказаў: «Мы абмеркавалі ўсе пункты, якія стаялі на парадку дня, якія тычацца нашага супрацоўніцтва з ЭЗ».

23 ліпеня, камэнтуючы мінулыя перамовы ў інтэрвію вузкаму колу прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных СМІ, Макей заявіў, што на сустрэчы ў Брусэлі Беларусь выступіла за адмену санкцыяў ЭЗ. «Мы лічым, што стаўленьне да ўсіх краін „Усходняга партнэрства“ павінна ажыцьцяўляцца на раўнапраўнай, недыскрымінацыйнай аснове. Мы дакладна заявілі пра тое, што санкцыі, якія цяпер існуюць з боку ЭЗ адносна Беларусі, павінны быць адмененыя, бо яны шкодзяць нашым адносінам і не ідуць на карысьць ні Беларусі, ні ЭЗ», — заявіў Макей.

Асноўным пытаньнем сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу і «Ўсходняга партнэрства» была падрыхтоўка да лістападаўскага саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні. Макей прыбыў у Брусэль на запрашэньне кіраўніцтва ЭЗ. Гэта быў яго першы візыт у Эўропу пасьля зьняцьця візавых санкцыяў ЭЗ.

У студзені 2011 году Ўладзімір Макей — на той момант кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі — у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў занесены ў чорны сьпіс ЭЗ як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году і далейшага перасьледу актывістаў апазыцыі.

24 чэрвеня гэтага году Рада міністраў замежных спраў ЭЗ на пасяджэньні ў Люксэмбургу прыняла рашэньне прыпыніць візавыя санкцыі ў дачыненьні да Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі. У той жа час Макей застаецца ў сьпісе асобаў, на якіх распаўсюджваюцца фінансавыя санкцыі (рахункі і ўласнасьць дадзеных асобаў на тэрыторыі ЭЗ павінны быць замарожаныя).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG