Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп: Я заўсёды была свабоднай, нават у турме


Нямецкі журналіст Інго Пэц пагаварыў з Ірынай Халіп, якую суд Партызанскага раёну Менску на мінулым тыдні вызваліў ад крымінальнага пакараньня. Інтэрвію апублікаванае ў Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Інго Пэц: У мінулую пятніцу суд у Менску вызваліў вас ад крымінальнага пакараньня па заканчэньні адтэрміноўкі прысуду. Вы спадзяваліся, што выйдзеце з суду свабодным чалавекам?

Ірына Халіп: За апошнія гады я здабыла новы досьвед: У цяперашняй беларускай рэальнасьці нельга ні на што спадзявацца, бо ва ўмовах, калі працуе ня лёгіка, а найніжэйшыя інстынкты ў кактэйлі з псыхічным нездароўем, спадзяваных вынікаў не бывае. Дваццаць чатыры гадзіны ў суткі трэба быць гатовым да любых нечаканасьцяў, у тым ліку фатальных.

Пэц: Што вы зрабілі першае, апынуўшыся на свабодзе?

Халіп: Увечары я запрасіла сваіх сяброў у кавярню. Гэта быў першы вечар, калі мне ня трэба было бегчы дадому, бо а 22-й гадзіне міліцыя магла прыйсьці да мяне дадому з праверкай. І таму мы ў 22.01 выпілі за свабоду. У 22.44 адна сяброўка сказала мне: «Ужо 44 хвіліны свабоды. Адчуваеш?» Гэта быў проста цудоўны вечар.

Пэц: Дык цяпер вы сапраўды адчуваеце сябе свабоднай?

Халіп: Па-першае, я заўсёды была свабоднай, нават у турме. Свабоду, якая ўнутры кожнага з нас, ня выбіць ніякімі дубінкамі, ніякімі прыніжэньнямі. Па-другое, вонкавай свабоды, якая гарантуецца канстытуцыяй і законамі, у нас няма — і пры гэтым рэжыме ня будзе. Кожны, хто пасьля турмы зноў выступае супраць рэжыму, мае добрыя шанцы зноў апынуцца за кратамі. У мяне няма ніякіх ілюзіяў, што гэтую старонку ўдасца перагарнуць.

Пэц: Падчас выпрабавальнага тэрміну вы фактычна жылі пад хатнім арыштам. Якія падчас яго былі ўмовы?

Халіп: Я два гады не магла выяжджаць зь Менску. Кожны панядзелак я мусіла ехаць у раённы аддзел міліцыі, каб там паставіць подпіс. Пасьля 22-й гадзіны я не магла выходзіць з дому. І кожны раз, калі ў дзьверы стукала міліцыя, я мусіла адчыняць. Часам міліцыянты прыходзілі ўначы тройчы: а 22-й гадзіне, апоўначы і пасьля яшчэ а 2-й гадзіны ночы. Яны вельмі добра ведалі, што ў мяне малое дзіця, якое, вядома ж, прачынаецца ад начнога стуку. Яны ператварылі наша жыцьцё ў пекла, яны дамагліся таго, што я ў сваіх уласных чатырох сьценах ніводнай сэкунды не магла адчуваць сябе спакойна і камфортна.

Пэц: Ці вы працягнеце журналісцкую працу ў расейскай «Новой газете»?

Халіп: Я, уласна кажучы, працы ў «Новой газете» ніколі і не спыняла — я не магла працаваць толькі падчас пяці месяцаў у турме. Тады ў Беларусь прыяжджалі калегі з Масквы, каб працаваць за мяне. Так будзе і цяпер. Калі мяне зноў паспрабуюць ізаляваць, нехта будзе прыяжджаць з Масквы і працаваць замест мяне. І гэта будзе грамадзянін Расеі, зь якім ня будзе лёгка абыходзіцца так, як са мной. Я буду працаваць далей. Ніякая ўнутраная цэнзура ўва мне не зьявілася, бо я занадта журналіст, каб у пэўны час уключаць тармазы.

Пэц: Ваш муж, апазыцыйны палітык і кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, мусіў пасьля вызваленьня летась пакінуць краіну і цяпер жыве ў Лёндане. Вы з сынам жывяце ў Менску. Як выглядаюць вашы пляны?

Халіп: Мы разам ужо перажылі больш цяжкія часы, калі мы абое былі за кратамі і не маглі нават перапісвацца. Але і тады я заўсёды адчувала, што мы разам. Цяпер, калі мы зможам сустракацца, калі я ўрэшце змагу зьезьдзіць да мужа, мы ўжо неяк прыдумаем, што рабіць і як жыць. Разам з нашым сынам, якому было тры з паловай гады, калі нас арыштавалі. Я мушу сказаць, што ён увесь гэты час паводзіў сябе проста гераічна. Нягледзячы на свой век.

Пэц: Ці можаце вы растлумачыць, чаму суд вас вызваліў? Ці мае гэта нейкае дачыненьне да магчымага ўзнаўленьня дыялёгу паміж ЭЗ і рэжымам Лукашэнкі?

Халіп: Гэтае пытаньне ў пятніцу пасьля суду мне задавалі найчасьцей. Заўважце, усе пытаюцца: «Чаму вас выпусьцілі?», але ніхто не пытаецца: «Чаму вас наагул пасадзілі?» Быццам бы пасадзіць мяне ў турму, абвясьціць вінаватай у судзе, ператварыць існаваньне маёй сям’і ў пекла і забраць амаль тры гады майго жыцьця - гэта нармальна. А тут мяне фармальна вызвалілі, і гэта быццам бы дзіўна, быццам бы частка нейкай палітычнай гульні.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG