Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны адміністрацыйны суд Літвы абавязаў мэрыю Вільні дазволіць правядзеньне гей-параду на цэнтральным праспэкце Гедыміна.

Гэтае рашэньне канчатковае і абскарджваньню не падлягае. Суд пастанавіў, што права на мірныя сходы — «фундамэнтальнае ў дэмакратычным грамадзтве», таму абмяжоўваць яго можна толькі для абароны грамадзкага парадку, здароўя або маралі грамадзян. Між тым, імкненьне мэрыі перанесьці шэсьце ў іншае месца гэтым умовам не адпавядала, паведамляе Delfi.lt.

Спрэчкі пра месца правядзеннья гей-параду вяліся на працягу апошніх некалькіх месяцаў. Арганізатары мерапрыемства хацелі правесці яго на цэнтральным праспэкце, а ўлады гораду прапаноўвалі ім іншае месца (вуліцу Упес на правым беразе Вяльлі). Мэрыя двойчы адмаўлялася ўзгадняць заяўку на шэсьце, і абодва разы гэта рашэньне было аспрэчана ў судах ніжэйшай інстанцыі.

Камэнтуючы рашэньне суду, мэр літоўскай сталіцы Артурас Зуокас паведаміў, што 24 ліпеня арганізатары гей-параду атрымаюць неабходны дазвол. Ён падкрэсліў таксама, што адміністрацыя не плянуе рабіць дадатковых захадаў бясьпекі на цэнтральным праспэкце. Гэта кампэтэнцыя паліцыі.

Шэсьце «За роўнасць», у якім будуць удзельнічаць геі, лесьбіянкі, бісэксуалы, трансвэстыты і тыя, хто іх падтрымлівае, прызначана на 27 ліпеня. У дэманстрацыі, паводле папярэдніх зьвестак, прымуць удзел каля 800 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG