Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Макей: «Гэта справа аналітыкаў — гадаць і разважаць аб ўмовах»


Кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей пракамэнтаваў для дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва Белта вынікі свайго ўдзелу ў нарадзе кіраўнікоў краін ЭЗ і краін-удзельніц «Усходняга партнэрства».

Макей сказаў, што санкцыі шкодзяць і Беларусі, і Эўразьвязу, што праблемы паміж Беларусьсю і ЭЗ пераадольныя і штучна створаныя. Разам з тым ён ухіліўся ад адказу, на якія менавіта крокі насустрач пазыцыі ЭЗ гатовы пайсьці афіцыйны Менск.

Прапануем вам некалькі цытатаў зь інтэрвію міністра.

Гэта справа аналітыкаў гадаць і разважаць аб умовах. Так, праблемы ёсьць. Але мы абсалютна ўпэўненыя, што гэта пераадольныя, больш за тое, штучна створаныя праблемы. Мы заўсёды выступалі за нармалізацыю адносін з Эўрапейскім Зьвязам на аснове раўнапраўнага і паўнавартаснага дыялёгу.

Для нас прынцыповым зьяўляецца шэраг момантаў, і яны былі пазначаныя ў нашым выступе ў рамках гэтай сустрэчы. Мы лічым, што стаўленьне да ўсіх краін «Усходняга партнэрства» павінна ажыцьцяўляцца на раўнапраўнай недыскрымінацыйнай аснове.

Мы дакладна заявілі пра тое, што санкцыі, якія цяпер існуюць з боку Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі, мусяць быць адмененыя, бо яны шкодзяць нашым адносінам і не ідуць на карысьць ні Беларусі, ні Эўрапейскаму Зьвязу.

Я перакананы, што само жыцьцё прымусіць Эўрапейскі Зьвяз пайсьці на больш шчыльнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Больш за тое, я перакананы, што тая ідэя «інтэграцыі інтэграцый», зь якой пэўны час таму выступіў наш прэзыдэнт і якая прадугледжвае больш шчыльнае супрацоўніцтва паміж ЭЗ і будучым Эўразійскім эканамічным саюзам, у пэрспэктыве будзе адназначна запатрабаваная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG