Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, ці вёў міністар замежных справаў Беларусі гутарку са сваімі эўрапейскімі калегамі пра зьняцьце санкцыяў узамен на вызваленьне палітвязьняў, спадар Макей адказаў раздражнёна: «Мы абмеркавалі ўсе пункты, якія стаялі на парадку дня што датычылі нашага супрацоўніцтва з Эўразьвязам».

Усе — дык відаць і гэты, пра які пытаўся карэспандэнт Свабоды. Бо і напярэдадні нарады і пасьля эўрапейскія міністры пераважна пра сюжэт з палітвязьнямі і казалі. Але пра што канкрэтна дамовіліся з Макеем і ці дамовіліся пра нешта — на гэты конт прадстаўнікі эўрапейскай дыпляматыі выказваліся досыць няпэўна. Як і беларускі міністар.

Яшчэ Талейран казаў, што язык дадзены дыплямату, каб хаваць свае думкі. Але паспрабаваць іх расшыфраваць усё ж можна. Балазе, цяпер клясычнае мастацтва дыпляматыі страчваецца і дыпляматы часам гавораць больш і гучней за мітынговых прамоўцаў.

Назіральнікі, якія мяркуюць, што ні да чога ў Брусэлі не дамовіліся і не маглі ў прынцыпе, спасылаюцца пры гэтым на жалезабэтонныя формулы, якія спадар Макей рэгулярна выдае наконт праблемы палітвязьняў: маўляў, ніякіх палітвязьняў няма, мы — сувэрэнная дзяржава, самі вызначаем свой шлях, не дазволім нам дыктаваць, нас не нахіліць (не, гэта ўжо з рэпэртуару Лукашэнкі).

Але цікава, што якраз у Брусэлі, прынамсі, у інтэрвію Свабодзе шэф беларускага МЗС ад гэтых звыклых шчыраваньняў устрымаўся. А пра што сказаў, дык гэта пра прапанову аб роўным падыходзе да ўсіх краін-удзельніц Партнэрства, якую афіцыйны Менск зьбіраецца вынесьці на абмеркаваньне саміту ў Вільні.

А чаму ўстрымаўся — словы забыў? Ці так карціць паглядзець на Брусэль і іншыя сталіцы, што гатовы іх забыць? Наўрад ці.

Ня выключана, што цяпер паўтараецца схема, якая, гледзячы па ўсім, была прадметам перамоваў напярэдадні мінулага саміту Партнэрства, які прайшоў у 2011 годзе ў Варшаве. Напярэдадні саміту ў Менск прыехаў тагачасны кіраўнік баўгарскага МЗС Младэнаў, пасьля чаго на волю выйшла самая вялікая партыя палітзьняволеных. У СМІ быў «зьліты» дакумэнт, паводле якога Лукашэнка быў гатовы вызваліць усіх яшчэ тады. Але ён ня быў запрошаны ў Варшаву, і працэс вызваленьня спыніўся.

Літаральна напярэдадні цяперашняй сустрэчы ў Брусэлі міністраў замежных справаў ЭЗ і краін Партнэрства кіраўнік баўгарскай дыпляматыі Крысьціян Вігенін сказаў нашаму карэспандэнту: «У мяне такое адчуваньне, што эўрапейскія кіраўнікі не хацелі б бачыць на Віленскім саміце Лукашэнку». Але і Лукашэнка, скажам, не хацеў бы вызваляць палітвязьняў, якіх ён усё яшчэ трымае за кратамі. Праца дыпляматаў уласна і палягае ў тым, каб зводзіць да нейкай раўнадзейнай нежаданьні сваіх шэфаў.

І, гледзячы па ўскосных прыкметах, гэтай далікатнай працай эўрапейскія міністры разам з Макеем у Брусэлі і займаліся. Гэтай вэрсіі, прынамсі, адпавядаюць цьмяныя і няпэўныя камэнтары як беларускага, гэтак і эўразьвязаўскага бакоў. А тое, што эўракамісар Фюле ўсё ж сказаў пэўнае — што магчыма ў Брусэлі ў хуткім часе зьявіцца Алесь Бяляцкі, сьведчыць таксама хутчэй пра плён перамоўнай працы, чым пра яе бясплённасьць.

Складана сказаць, якая насамрэч крайняя перамоўная пазыцыя афіцыйнага Менску, за што ён гатовы вызваліць усіх палітвязьняў — гэта запрашэньне А.Лукашэнкі на саміт у Вільню, гэта зьняцьцё ці замарозка візавых санкцый, гэта нешта іншае. Але ёсьць падставы меркаваць, што ў Брусэлі бакі крыху наблізіліся да згоды.

Ці азначае гэта, што яна абавязкова будзе дасягнутая? Зразумела не. Але тады ўсе застаюцца пры сваіх нежаданьнях.

Магчыма, запрашэньне сп. Макея ў Брусэль мела і яшчэ адзін сэнс. Ён абмяркоўваў з эўрапейскімі калегамі фактычна спыненьне «халоднай вайны», яго ўкраінскі, грузінскі, малдаўскі, армянскі калегі — прасунутыя формы інтэграцыі з Эўразьвязам, формы, якія тычыцца ня толькі каштоўнасьцяў, але і грошай. І не дапамогі, не крэдытаў, а іншай якасьці эканамічнага жыцьця.

Не, можа сп. Макей гэтак прыкіпеў душой да «стен древнего Кремля», што эўрапейскія палітычныя і эканамічныя краявіды яго ня ўражваюць, а тое, як былыя савецкія рэспублікі «прадаюцца Захаду», выклікае адно агіду.

Але чамусьці здаецца, што не так ужо і прыкіпеў. І таму прысутнасьць на сьвяце украінскай асацыяцыі з ЭЗ, магчыма, выклікае ў Уладзімера Макея як мінімум супярэчлівыя пачуцьці. А, магчыма, не ў яго аднаго.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG