Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адбыўся першы за тры гады візыт міністра замежных спраў Беларусі ў Брусэль. У чым сымбалічнасьць гэтай падзеі? Які палітычны багаж Уладзімера Макея? Хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні?

Удзельнікі: дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў зь Менску і дактарант бэрлінскага Свабоднага ўнівэрсытэту Сяргей Богдан з Бэрліну.


Значэньне візыту Макея ў Брусэль


Валер Карбалевіч: «22 ліпеня міністры замежных спраў Эўразьвязу, а таксама міністры замежных спраў шасьці краін-удзельніц „Усходняга партнэрства“ правялі пасяджэньне, на якім абмеркавалі пэрспэктывы „Ўсходняга партнэрства“ і парадак дня саміту гэтай праграмы, які мае адбыцца пад канец лістапада ў Вільні.

Рутыннае мерапрыемства. І, мусіць, найбольш адметны момант гэтай падзеі палягае ў тым, што ў ім упершыню за тры гады ўдзельнічаў міністар замежных спраў Беларусі. Што азначае сам факт зьяўленьня Макея ў Брусэлі? Ці ёсьць гэта нейкім сымбалем? Некаторыя экспэрты назвалі гэта пачаткам новага этапу ў дачыненьнях Беларусі з ЭЗ. Ці так гэта?»

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

Сяргей Богдан

Сяргей Богдан

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Андрэй Ягораў: «Нічога сымбалічнага ў гэтым няма. Выключэньне Макея са сьпісу неўязных — гэта тэхнічнае рашэньне ЭЗ напярэдадні саміту ў Вільні. Брусэль ня хоча паўтараць сытуацыю мінулага саміту „Ўсходняга партнэрства“ ў Варшаве, калі афіцыйны Менск, незадаволены ўзроўнем свайго прадстаўніцтва, учыніў скандал».

Сяргей Богдан: «Я таксама не лічу гэты візыт Макея нейкай вялікай знакавай падзеяй. Трэба ж зь некім размаўляць. Бо цалкам абарваць адносіны зь Беларусьсю для ЭЗ няма рацыі. Брусэль хоча шукаць шляхі паразуменьня пасьля 19 сьнежня 2010 году. Увогуле для ЭЗ адносіны зь Беларусьсю — справа маргінальная. А зь міністрам замежных спраў трэба час ад часу кантактаваць, хоць зьменаў у беларускім рэжыме і не адбылося».


Які палітычны багаж Уладзімера Макея?


Карбалевіч: «Сп. Ягораў, вось вы кажаце, што зьняцьцё візавых абмежаваньняў з Макея — пытаньне тэхнічнае. Але чамусьці вакол гэтага „тэхнічнага“ пытаньня шмат месяцаў у ЭЗ ішла дыскусія. Перамог пункт гледжаньня, што трэба даць магчымасьць міністру замежных спраў Беларусі езьдзіць у ЭЗ дзеля таго, каб ладзіць камунікацыі з афіцыйным Менскам на высокім роўні. Ну вось Макей прыехаў у Брусэль. З чым? Ці ёсьць у яго новы палітычны багаж, новыя ініцыятывы, як размарозіць адносіны Беларусі з ЭЗ? Або Макей прыехаў з пустымі рукамі?»

Ягораў: «Узьнікла пэўная калізія. Пасьля 19 сьнежня 2010 году ЭЗ праводзіў адносна Беларусі палітыку „крытычнага ўцягваньня“. Беларусь пакінулі ва „Ўсходнім партнэрстве“, краіна не выключалася з кантактаў з ЭЗ. Дзеля гэтага міністра замежных спраў Беларусі Мартынава не ўключылі ў сьпіс неўязных у ЭЗ. Але міністар замежных спраў зьмяніўся, а новы міністар Макей быў пад санкцыямі. У выніку страціўся канал камунікацыяў. Таму і было паднятае пытаньне, каб Макея выключыць са сьпісу неўязных. Натуральна, у ЭЗ ёсьць прыхільнікі розных тактык адносна Беларусі, таму і ішлі спрэчкі. Але палітыка ЭЗ у беларускім пытаньні не зьмянілася. Думаю, і Макей не прывёз нічога новага, і Брусэль не прапануе нічога новага ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях».
Калі нейкі новы плян размарожваньня дачыненьняў Беларусі з ЭЗ і зьявіцца, то аўтарам яго будзе Макей

Богдан: «Думаю, Макей усё ж мусіў з сабой нешта прывезьці. Маю на ўвазе нейкія ўмоўна лібэралізацыйныя крокі. Бо пачаўся чарговы віток цыклю, які ў Беларусі зьвязаны з выбарамі.

Трохі пра самога Макея. Гэта чалавек, які на тле іншых людзей з атачэньня Лукашэнкі выглядае крэатыўным і дынамічным. І калі нейкі новы плян размарожваньня дачыненьняў Беларусі з ЭЗ і зьявіцца, то аўтарам яго будзе Макей. Падчас ягонай дыпляматычнай працы ў Страсбуры ён камунікаваў з прадстаўнікамі апазыцыі, якія туды прыяжджалі. Калі ён працаваў у МЗС, то ягоныя калегі згадваюць, што нават падчас „мёртвага сэзону“ ў дачыненьнях Беларусі з ЭЗ Макей пісаў аналітычныя запіскі, зьдзіўляў сваёй упартасьцю ў імкненьні палепшыць адносіны з Эўропай».


Хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце ў Вільні?


Карбалевіч: «Калі сапраўды ў Менску няма ніякіх новых прапановаў, то адзіная палітычная інтрыга палягае ў тым, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні напрыканцы лістапада. Ці магчымая прысутнасьць там Лукашэнкі, калі раптам ён вызваліць усіх палітзьняволеных? Або, калі не запросяць Лукашэнку, то Беларусь учыніць нейкі скандал, як гэта адбылося на мінулым саміце „Ўсходняга партнэрства“ ў Варшаве? Хачу нагадаць, што на той саміт запрасілі міністра замежных спраў Беларусі Мартынава, але той адмовіўся ехаць, а кіраўніком беларускай дэлегацыі быў прызначаны амбасадар Беларусі ў Польшчы».

Богдан: «Думаю, запрашэньне ў Вільню Макея задаволіць афіцыйны Менск. Але да саміту яшчэ шмат часу, многае можа зьмяніцца».

Ягораў: «Таксама думаю, што запрашэньне ў Вільню Макея задаволіць афіцыйны Менск. Таму што падчас папярэдняга саміту „Ўсходняга партнэрства“ ў Варшаве якраз паміж Беларусьсю і ЭЗ быў пік канфлікту. Для Менску было важна захаваць твар. І таму запрашэньне міністра замежных спраў было ўспрынята як паніжэньне статусу. Цяпер сытуацыя іншая. І запрашэньне Макея будзе ўспрынята як падвышэньне статусу.
Сумняваюся, што ЭЗ можа запрасіць Лукашэнку нават тады, калі будуць вызваленыя ўсе палітвязьні

Сумняваюся, што ЭЗ можа запрасіць Лукашэнку нават тады, калі будуць вызваленыя ўсе палітвязьні. Бо трэба час, каб ЭЗ мог правесьці перамовы, узгадніць пазыцыі. А часу няшмат. Таму запросяць альбо міністра замежных спраў, альбо прэм’ер-міністра.

Цікавей тое, якое месца зойме на саміце беларускае пытаньне. Саміт пройдзе пасьля абмеркаваньня Эўрапарлямэнтам дакладу Палецкіса. На мінулым саміце ЭЗ прапанаваў дэклярацыю па Беларусі. Аднак чальцы-партнэры „Ўсходняга партнэрства“ адмовіліся яе падпісаць. Таму, думаю, гэтым разам такой дэклярацыі ня будзе».


Ці пачаўся новы цыкль?


Карбалевіч: «Розныя экспэрты даюць розную ацэнку таго, што цяпер адбываецца ў адносінах Беларусі і ЭЗ. Кажуць пра пачатак новага цыклю, новага пэрыяду, новага этапу. Гэта сапраўды так? Або нічога новага не адбываецца?»

Ягораў: «З 19 сьнежня 2010 году нічога новага не адбываецца. Ідуць перамовы, але няма новага цыклю. ЭЗ захоўвае патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў як умовы пачатку нейкіх зьменаў у палітыцы».

Богдан: «Расейскі чыньнік блякуе разьвіцьцё дачыненьняў Беларусі з ЭЗ. Бо Расея дае Беларусі столькі льготаў, колькі ЭЗ ніколі даць ня зможа. Для ЭЗ Беларусь не настолькі важная, каб дзеля яе змагацца з Расеяй. Але Брусэлю трэба думаць пра тую альтэрнатыву ў Беларусі, якая нейкім чынам высьпявае».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG