Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гады два з паловай таму засеў я ў лёнданскім аэрапорце Гітраў – з-за татальнай завеі ўсе рэйсы былі адкладзеныя, як потым выявілася – на двое сутак; на шчасьце, ў Лёндане ёсьць добрыя знаёмыя і Беларускі дом, таму ў залі чаканьня начаваць не давялося. Але колькі гадзінаў я там праседзеў.

І каб нечым заняцца, набыў я ў кіёску пару часопісаў, у тым ліку маскоўскі «Сноб». Снобаў – у жыцьці – я не люблю, але ў часопісе мяне зацікавіла апавяданьне Тацяны Талстой, з братам якой Іванам у мяне прыязныя адносіны. Пачытаў я Талстую, пагартаў часопіс – і зьвярнуў увагу, што добры дзясятак старонак прысьвечаныя нейкаму хлопцу. Вялізнае інтэрвію, а таксама здымкі – анфас, профіль, нават са сьпіны, на вуліцы, у офісе. Я не зусім добра ведаю сучаснае кіно (люблю клясычнае), не цікаўлюся спортам і не зьдзівіўся б, калі б гэта быў папулярны актор ці спартовец. Але ён быў прадстаўлены як апазыцыйны грамадзкі дзеяч – ну а расейскіх грамадзкіх дзеячаў, першыя тры дзясяткі, я ведаю ўсіх, некаторых - асабіста. Не было б нічога дзіўнага , калі б столькі месца было адведзена Нямцову, Прохараву, Венядзіктаву ці, не да ночы будзь сказана, Лімонаву – асобы вядомыя. Прозьвішча ж гэтага маладога чалавека мне нічога не казала. Тым ня менш, ва ўрэзках былі цытаты кшталту - «Навальный считает...», «У Навального дома...», «Что будет, если Навальный...»

Гэта як бы вы адкрылі сайты Свабоды, Салідарнасьці, Нашай Нівы , а там, у топ-навінах - «Зязюлькін сказаў...», «Зязюлькін вырашыў...». Хто такі гэты Зязюлькін, пра якога вы яшчэ хвіліну таму нічога ня ведалі, адкуль ён узяўся, чаму да яго такая ўвага? Вам пачынае здавацца, што вы праспалі некалькі месяцаў, і за гэты час адбыліся нейкія значныя падзеі, якія вынесьлі на паверхню новага і ўплывовага дзеяча.

Выявілася, што Навальны – гэта ня лідэр партыі, не рэдактар папулярнага СМІ і не алігарх. Гэта – блогер.

Я зусім не ігнарую блогасфэру як новую форму грамадзкай дзейнасьці і, па сутнасьці, сродак цяпер ужо масавай інфармацыі. Але такая звышувага падалася мне неадэкватнай сьціпламу (на той момант) маштабу пэрсоны.

І адчуў я, што нешта падобнае ўжо бачыў.

У пачатку 90-ых гадоў некаторыя газэты ладзілі апытаньні на прадмет, хто з названых палітыкаў-дэпутатаў чытачам найбольш сымпатычны. Гэта значыць – імёны называлі не чытачы, а газэта сама фармавала сьпіс. І сярод прагназуемых імёнаў – Шушкевіча, Кебіча, Пазьняка, Заблоцкага, Булахава, Ганчара – усплывала і прозьвішча Лукашэнкі. Шушкевіч і Кебіч займалі найвышэйшыя пасады, Пазьняк быў лідэрам апазыцыі, Заблоцкі, Булахаў і Ганчар таксама часта выступалі ў Вярхоўным Савеце, сэсіі якога трансьляваліся. Тут усё было натуральна. Лукашэнка ж ні пасады не займаў, ні асаблівай актыўнасьцю ў парлямэнце ў той час не вызначаўся. Ён быў куды менш актыўны, чым, напрыклад, дэпутаты Беленькі, Голубеў, Гермянчук, Прывалаў, Чэпік, Гаркун (бяру імёны з супрацьлеглых палітычных лягераў) – і тым ня менш, гэтых дэпутатаў у апытаньні ня ставілі, а вось Лукашэнку – ставілі. Было адчуваньне штучнасьці зьяўленьня ягонага прозьвішча, неадпаведнасьці самога знаходжаньня ў сьпісе ягонаму рэальнаму аўтарытэту ў парлямэнце і ў грамадзтве.

Але гэта мела свой вынік – паступова прызвычаіліся, што Лукашэнка боўтаецца ў першай «дзясятцы».

Тут я апускаю паралелі паміж выбарчай кампаніяй Лукашэнкі (усё, што ні рабіла каманда Кебіча супраць яго – ішло яму на карысьць, хаця потым у мэмуарах Кебіч прызнаўся, што яны разам рабілі агульную справу – не дапусьцілі да ўлады БНФ) і ростам папулярнасьці Навальнага ў выніку рэпрэсій і судовага працэсу.

Я хачу паразважаць над іншымі паралелямі, зьвязанымі нават ня столькі з асобай Навальнага, колькі з успрыманьнем некаторых ягоных якасьцяў і выказваньняў. Бо ўспрыманьне гэтае вельмі нагадала мне тую самую выбарчую кампанію Лукашэнкі 1994 году.

Маю на ўвазе дыскусію вакол пэўных выказваньняў Навальнага, якія (пастараюся быць далікатным у вызначэньнях) былі ацэненыя як нацыяналізм (заявы ў часы расейска-грузінскага збройнага канфлікту 2008 году, стаўленьне да выхадцаў з паўночнага Каўказу і г.д.). Як вядома, менавіта за нацыяналізм Навальны быў выключаны з партыі «Яблоко».

Ужываньне тэрміну «нацыяналізм» у постсавецкіх грамадзтвах своеасаблівае. І так сталася, што тое, што можна было б назваць нацыянальным рухам у Расеі (адраджэньне рускага народу) амаль заўсёды мела імпэрскі характар (экспансія за кошт тэрыторый іншых народаў).

Але цяпер не пра розьніцу ў разуменьні тэрмінаў. Відавочна, што кожнаму расейскаму палітыку рана ці позна трэба адказваць на пытаньне: як ён ставіцца да такіх канфліктаў, як у Кандапозе і Пугачове, якія, з розных прычынаў, узьніклі, паміж мясцовымі і прыбылымі грамадзянамі Расеі? Бо нельга называцца фэдэратыўнай дзяржавай і абмяжоўваць у правах жыхароў асобных суб'ектаў гэтай фэдэрацыі. Абмяжоўваць у правах можна толькі жыхароў асобных ускраін у імпэрыі. А імпэрыі, як вядома, рана ці позна развальваюцца.

У сытуацыі ж з Навальным паказальна, што яго, як кажуць, ніхто за язык не цягнуў. Ягоныя заявы – не адказы на пытаньні інтэрвію са спэцыфічнай тэмай, скажам, пра нацыянальныя меншасьці. Ён сам, па ўласным жаданьні, даваў свае ацэнкі ў сваім «жывым журнале» -- і гэта, між іншым, абвяргае спробы апраўдаць яго імкненьнем падыграць пэўнай частцы грамадзтва. Гэта было – ад сэрца.

(Яшчэ заўважу, што ў Навальнага не было ніякай іміджавай патрэбы рабіць сумнеўныя заявы: яго імідж рос не дзякуючы барацьбе з «понаехавшими», а – ў выніку выкрываньня карупцыі ў найвышэйшых эшалёнах расейскай улады. Гэтак жа як і за Лукашэнку ў 94-ым, у большасьці, галасавалі не за тое, што ён насіў чырвона-зялёны значок БССР і шкадаваў пра распад СССР – а за абяцаньні «пасадзіць злодзеяў» ды «запусьціць заводы».)

І калі ў беларускай інтэрнэт-прасторы на такую пазыцыю Навальнага была зьвернутая ўвага, адбылася рэакцыя, якая мяне, прызнаюся, зьдзівіла.

«Усё гэта, можа, і так, але сёньня ён адзіны, хто здольны скінуць Пуціна!» - лейтматыў адказаў.

«Яшчэ разумею, калі “Затое ён паб’е Пуціна!” кажа юнак 1990 г.н. Дзіўна, калі гэта паўтарае той, хто памятае лёзунг прыхільнікаў Лукі ў пачатку яго кар’еры: “Абы ня Кебіч!” “Галоўнае - Кебіча скінуць!” (ну, скінулі. Далей?). Зрэшты, гэта іх унутраныя расейскія справы. А вось што заплюшчваюць вочы на імпэрскасьць і шавінізм, паказвае няведаньне гісторыі: 200 гадоў расейскую акупацыю праводзілі ў тым ліку і “просветители”, “вольтерианцы” (гэтыя нават – больш жорстка)» -- напісаў я ў сваім фэйсбуку.

І першым, хто гэта адкамэнтаваў, быў вядомы грамадзкі актывіст Андрэй Кім:

«...мы нарадзіліся, каб рабіць выбар. Ідэальных людзей і палітыкаў не бывае. Таму заўсёды прыходзіцца выбіраць паміж недасканаласьцямі. І калі выбіраць паміж Пуціным і Навальным, я выбіраю Навальнага. Бо дакладна ведаю, што пры Пуціне будзе ці Лукашэнка вечна, ці Беларусь страціць незалежнасьць. А можа і тое, і тое будзе адначасова. А пра Навальнага можна толькі здагадвацца і падазраваць. Пакуль што, ў адрозьненьне ад Пуціна, ці Лукі, ён выглядае як прыстойны, разумны, пасьлядоўны, недасканалы чалавек. Мне гэтага дастаткова. P.S. Безумоўна, палітыка ў Расіі ўплывае на беларускае жыцьцё вельмі моцна, таму рабіць выбар "нас гэта не тычыцца" я лічу непрымальным. Таму што тычыцца».

«Галоўнае Луку скінуць!» - напісаў, усьлед за Кімам, іншы карыстальнік фэйсбуку.

Андрэй Кім нават і не падазрае, наколькі некаторыя ягоныя фразы супадаюць з тым, што ў 1994 годзе казалі прыхільнікі Лукашэнкі: «Паміж Кебічам і Лукашэнкам трэба выбіраць Лукашэнку, бо Лукашэнка чэсны, а вашыя падозраньні – гэта толькі здагадкі, ну а што ён недасканалы – дык горш за Кебіча ўжо быць ня можа».

Вось аказалася, што – можа. І горш зрабілася менавіта дзякуючы асаблівасьцям, якія ўкладаліся ў сьціплае вызначэньне «недасканаласьць». І «дробныя» (на погляд некаторых) у параўнаньні з глябальнай мэтай (скінуць Кебіча) якасьці – непрыязнасьць да беларускай мовы, настальгія па СССР, - ня тое што нават хутка – імгненна зрабіліся дамінуючымі і вызначылі і ўнутраную, і зьнешнюю палітыку.

Так, было б неразумным казаць, што змаганьне за Крэмль – беларусаў ня тычыцца; вынік гэтага змаганьня беларусаў закране ў кожным разе. Але менавіта з гэтай прычыны ў беларускім кантэксьце важнейшай якасьцю будучага кіраўніка Расеі ёсьць ягонае стаўленьне да іншых народаў, «градус імпэрскасьці», скажам гэтак. Пажадана, каб гэты градус быў на «нулі».

Прапаную чытачам самім вызначыць гэты градус вось у гэтым выказваньні Навальнага:

«Вядома, было б вельмі добра, калі б цяпер мы жылі ў адзінай краіне з Украінай і Беларусьсю, але я думаю, што рана ці позна гэта ўсё роўна здарыцца: агульная культурная і моўная прастора захавалася, і яна будзе існаваць у агляднай будучыні».

Альбо вось у гэтым:

«Наша вонкавая палітыка мусіць быць накіравана на інтэграцыю з Украінай і Беларусьсю ... Фактычна мы адзін і той самы народ ... Мы мусім узмацняць інтэграцыю».

Калі ж працягнуць паралелі ў тэму зьмены ўлады ў Беларусі, дык згоду прыняць кожнага, хто «Лукашэнку скіне», можна ўспрыняць і як згоду прывесьці ва ўладу – у выніку - новага Лукашэнку, сваімі ж рукамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG