Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Кіпель: «Размаўляла па-беларуску і ніхто мне не грубіў»


У Менску распачаўся 6-ты зьезд беларусаў сьвету, арганізаваны Міжнародным грамадзкім аб’яднаньнем «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“».

Удзел у міжнародным форуме беларусаў прымаюць каля 350 дэлегатаў зь Беларусі і 18 краінаў сьвету.

Шосты зьезд беларусаў ягоныя ўдзельнікі таксама называюць юбілейным: упершыню беларусы сьвету сабраліся ў Менску 20 гадоў таму — у ліпені 1993 году. Значная частка дэлегатаў прыяжджае ў Беларусь і бярэ ўдзел у форуме не ўпершыню. Сярод іншых — Алеся Кіпель, дачка вядомага грамадзкага дзеяча з Амэрыкі Вітаўта Кіпеля:

«Я толькі што, у нядзелю прыехала, і калі на аэрадроме паразмаўляла з усімі па-беларуску, то ніхто не грубіў мне, нават калі адказвалі па-расейску. Ня ведаю, ці гэта прагрэс, але добры знак».

Прывітальным словам зьезд распачала старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская. Прывітальныя тэлеграмы даслала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, адзін з найбольш вядомых беларусаў сьвету Барыс Кіт і іншыя. Ад уладаў Беларусі ўдзельнікаў зьезду прывітаў міністар культуры Барыс Сьвятлоў. Тое, што трэці раз зьезд беларусаў праходзіць у будынку нямецкага Міжнароднага адукацыйнага цэнтру, сярод іншых удзельнікаў не прамінуў адзначыць і кіраўнік міжнароднага габрэйскага таварыства ў Амэрыцы Якаў Гутман:

«Я ня вельмі добра тут пачуваю сябе, бо беларусы сьвету сабраліся ў нямецкім доме. Для мяне гэта няёмка. Я ня думаю, што калі б нешта падобнае адбывалася ў Бэрліне, то немцы сабраліся б у беларускім доме. Гэта дробязь, але красамоўная».

Гэтым разам у Менску, акрамя беларусаў Амэрыкі і Канады, Заходняй Эўропы, у Менску сабралася багата беларусаў з краін былога Савецкага Саюзу, у тым ліку Расеі, Літвы, Малдовы. Некаторыя зь іх хвалілі ўлады Беларусі за добрыя дарогі і сацыяльную палітыку. У адказ іншыя заклікалі да адказнасьці за свае словы і да таго, каб быць праўдзівымі. Так лічыць адзін з найбольш вядомых літоўскіх беларусаў Хведар Нюнька:

«Ня ўсё так гладка, як складаецца ўражаньне пасьля некаторых выступленьняў. Таму мы павінны гаварыць праўду, і той, хто выступае, павінны адказна ставіцца да таго, што гаворыць. Паколькі я паабяцаў гаварыць праўду, то павінны сказаць, у прыватнасьці, што беларусы Літвы кінуты сваёй дзяржавай. Што калі беларуская мова ня будзе ў грамадзкім ужытку ў Беларусі, то нас чакае згуба ня толькі незалежнасьці, але дзяржаўнасьці і самога беларускага этнасу».
Калі беларуская мова ня будзе ў грамадзкім ужытку ў Беларусі, то нас чакае згуба ня толькі незалежнасьці, але дзяржаўнасьці і самога беларускага этнасу

Значная колькасьць выступаў была прысьвечаная тэме ўзаемасувязі беларусаў замежжа з этнічнай і гістарычнай радзімай, а таксама іх падтрымкі з боку сваіх дзяржаў і ўладаў Беларусі. У пераважнай бальшыні беларускія нацыянальныя меншасьці ня маюць такой падтрымкі, як, да прыкладу, іркуцкія беларусы ў Расеі, паведаміў старшыня тамтэйшага таварыства Алег Рудакоў:

«На жаль, няма нейкага пляну альбо пэрспэктывы ўзаемадзеяньняў з нашым таварыствам па падтрымцы нацыянальных культурных аб’яднаньняў, як афіцыйных органаў Рэспублікі Беларусь, так і дзяржаўных органаў, якія існуюць у нас, у Іркуцку. Мы існуём і дзейнічаем на грамадзкіх пачатках, за свой уласны кошт. Але адначасна ў нас стварыўся вельмі ініцыятыўны гурток, які самаахвярна працуе, не шкадуючы ні свайго часу, ні сілаў, ні нават свайго здароўя. І мы ўжо маем новую, маладую плынь, якая, спадзяюся, выкарыстае нашы напрацоўкі і пойдзе далей».

Гасьцямі першага дня зьезду былі таксама прадстаўнікі дыпляматычных місіяў шэрагу краін Эўропы і ЗША. Іхні ўдзел дае спадзяваньні на разьвязаньне шэрагу важных праблемаў і пытаньняў, якія сабраліся абмеркаваць удзельнікі зьезду, мяркуе адна з арганізатарак форуму і кіраўнікоў «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская:

«Праблематыка, якая ўздымаецца на зьезьдзе, крайне актуальная. І дэлегаты вылучаюцца ў суполках вельмі актыўна. Мы нават ня можам прыняць усіх, хто жадае ўзяць удзел у гэтых форумах. Бо гэтыя пытаньні тычацца практычна ўсіх беларусаў замежжа, якія хочуць і павінны захоўваць беларускую прысутнасьць у сьвеце. Перадусім гэта тычыцца заканадаўства, якое не прынятае, і тычыцца супрацы ўладаў Беларусі зь беларусамі замежжа. Бо без сыстэмнай падтрымкі дзяржавы, на адным энтузіязьме, на жаль, надзвычай складана трымаць практычную дзейнасьць. Дэлегаты распавядаюць пра свае посьпехі і дзеляцца праблемамі з тым, каб абмеркаваць супольныя пытаньні і выпрацаваць агульную стратэгію працы на будучыню».

Шосты зьезд беларусаў сьвету працягне працу ў сераду, 24 ліпеня.
XS
SM
MD
LG