Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цумараў хоча залатаць дзіркі ў бюджэце праз суботнік


Старшыня магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў загадаў правесьці бліжэйшым часам у Магілёве мэтавы суботнік.

Гэта зьвязана з тым, што прадпрыемствы гораду працуюць неэфэктыўна і гарадзкі бюджэт недаатрымлівае грошай.

За сродкі ад суботніка плянуюць адрамантаваць дарогі абласнога цэнтру, палепшыць яго выгляд і камфортнасьць.

Паводле Цумарава, упраўленьне працы, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва павінна падрыхтаваць дакумэнтацыю па правядзеньні суботніка. Калі ён адбудзецца, пакуль не вядома.

Стаўленьне працоўных да суботнікаў нэгатыўнае, кажа сябра прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Алег Аксёнаў. Паводле яго, людзі шукаюць усялякіх падставаў, каб у суботнік ня выйсьці на працу.

«Калі такіх падставаў няма, то паспрабуй ня выйсьці на працу ў суботнік. Ну а калі прымус, то якая праца? Хто працуе з ахвотай задарма? Субота — гэта выходны дзень, і ў кожнага ёсьць свае справы, а тут даводзіцца працаваць. Людзі вымушаныя працаваць бясплатна. А тое, што прадпрыемствы працуюць кепска, то гэта адзнака працы перадусім улады, якая спрабуе цяпер рукамі працоўных затуліць прарэхі ў эканоміцы».

Паводле старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава, бюджэт гораду ў першым паўгодзьдзі недалічыўся 42 мільярдаў 829 мільёнаў рублёў. Трыццаць прадпрыемстваў спрацавалі са стратамі.
XS
SM
MD
LG