Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фюле спадзяецца пабачыць Бяляцкага ў Брусэлі «неўзабаве»


Эўракамісар Штэфан Фюле

Эўракамісар Штэфан Фюле

Эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і добрасуседзтва Штэфан Фюле спадзяецца, што запрашэньне Ўладзімера Макея на пасяджэньне міністраў замежных справаў Эўразьвязу датычна Ўсходняга партнэрства ў Брусэлі 22 ліпеня можа прынесьці станоўчыя вынікі для палітвязьняў у Беларусі.

Спадар Фюле даў гэта зразумець у інтэрвію нашаму брусэльскаму карэспандэнту Рыкарду Юзьвяку.

Радыё Свабода: Што вы сказалі міністру замежных справаў Беларусі Ўладзімеру Макею і што ён сказаў вам?

Фюле: Мы гаварылі незадоўга да пачатку нарады і мы абодва пагадзіліся, што яго прысутнасьць, як трэба спадзявацца, азначае ці ўяўляе сабою ўжо ўстойлівую сувязь зь беларускімі ўладамі. З аднаго боку, гэта азначае выкананьне ўмоваў, вылучаных усімі дзяржавамі-сябрамі Эўразьвязу, а з другога — выкарыстаньне ў поўнай меры таго, што прапануе Ўсходняе партнэрства ня толькі ў шматбаковым вымярэньні, але таксама ў двухбаковым.

Радыё Свабода: Ці Макей — той чалавек, якога вы хочаце бачыць прадстаўніком Беларусі на саміце ў Вільні ў лістападзе?

Краіны-сябры далі ясна зразумець, што ў іх будуць праблемы з запрашэньнем тых, хто знаходзіцца ў гэтак званым чорным сьпісе
Фюле: Рашэньне залежыць ад усіх краінаў-сябраў Эўразьвязу. Яно залежыць ад тых, хто запрашае — ад прэзыдэнта Эўрапейскай Рады, а таксама ад прэзыдэнта Літвы. Але краіны-сябры далі ясна зразумець, што ў іх будуць праблемы з запрашэньнем тых, хто знаходзіцца ў гэтак званым чорным сьпісе.

Радыё Свабода: Перад сядзібай Эўрапейскай Рады сёньня быў пратэст супраць візыту міністра замежных спраў Беларусі. Дэманстранты кажуць, што яны ўжо могуць пабачыць Макея ў Брусэлі, але пытаюцца, калі яны ўбачаць тут Алеся Бяляцкага?

Фюле: Спадзяюся, што неўзабаве. Цяпер адкрыліся магчымасьці ўзаемадзеяньня з уладамі на такім узроўні, які ня тое што не дазваляе нам забыцца аб нашых патрабаваньнях і ўмовах, але насамрэч можа іх узмоцніць. Я думаю, што нам трэба пацьвердзіць сваю пазыцыю задоўга да саміту ў Вільні ня толькі дзеля нас саміх, але і дзеля беларускіх уладаў, каб яны найлепшым чынам выкарысталі гэтыя магчымасьці.
XS
SM
MD
LG