Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскім індустрыяльным паркам пад Смалявічамі зацікавілася Financial Times


Мітынг у Смалявічах супраць будаўніцтва Кітайскага індустрыяльнага парку

Мітынг у Смалявічах супраць будаўніцтва Кітайскага індустрыяльнага парку

23 ліпеня заканчваецца грамадзкае абмеркаваньне ў інтэрнэце генэральнага пляну будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку каля Смалявічаў. На 24 ліпеня прызначаныя слуханьні ў Смалявіцкім райвыканкаме.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію кітайскаму агенцтву Сіньхуа напярэдадні свайго візыту ў Пэкін на мінулым тыдні заявіў, што рэалізацыя гэтага праекту дазволіць атрымліваць ад экспарту дадаткова да 50 мільярдаў даляраў штогод. А пасьля вяртаньня з Пэкіну ў Менск Лукашэнка даручыў прысьпешыць будаўніцтва індустрыяльнага парку.

«Лукашэнку далажылі аб тым, што ўжо сёлета плянуецца завяршыць праектаваньне асноўных інжынэрных камунікацый, у прыватнасьці газа-і электразабесьпячэньня першай паўночнай пляцоўкі пад забудову новымі прадпрыемствамі» — паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі.
Беларусь у змозе прыцягнуць замежных інвэстараў у гэты парк праз падатковыя ільготы, лібэральнае заканадаўства адносна замежнай уласнасьці ды танную і добра адукаваную працоўную сілу

Тым часам брытанская газэта Financial Times у сваім артыкуле пра паездку Лукашэнкі ў Кітай і пра беларуска-кітайскія эканамічныя дачыненьні цытуе Кірыла Карацеева — першага намесьніка генэральнага дырэктара кампаніі, якая займаецца пабудовай індустрыяльнага парку пад Менскам — які спадзяецца, што Беларусь у змозе прыцягнуць замежных інвэстараў у гэты парк праз падатковыя ільготы, лібэральнае заканадаўства адносна замежнай уласнасьці ды танную і добра адукаваную працоўную сілу.

«Да 2015 году мы павінны прасунуцца настолькі далёка, каб стаць цікавымі для вялікіх кампаній. Я разьлічваю на першыя вялікія інвэстыцыі з Кітаю», — сказаў брытанскай газэце Карацееў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG