Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нецьвярозых кіроўцаў будуць канфіскоўваць аўтамабілі


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, які прадугледжвае канфіскацыю транспартнага сродку за кіраваньне ў п’яным выглядзе паўторна цягам году. Гэтая норма закону ўступіць у сілу праз тры месяцы.

Закон аб унясеньні паправак у некаторыя кодэксы па пытаньнях узмацненьня мер адказнасьці за кіраваньне транспартным сродкам у стане ап’яненьня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Таксама павялічваюцца памеры штрафу за кіраваньне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’яненьня, перадачу кіраваньня транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжаньня агляду — да 100 базавых велічынь (10 млн рублёў альбо каля 1150 даляраў). Раней такі штраф складаў 3,5 млн рублёў.

Таксама закон прадугледжвае павелічэньне тэрмінаў пазбаўленьня волі за ўчыненае ў стане ап’яненьня ДТЗ, у якім загінулі 2 і больш чалавек, ад 4 да 10 гадоў. Раней гэта каралася тэрмінам да 3 гадоў.

Паводле генэральнага пракурора Аляксандра Канюка, канфіскацыя аўтамабіля будзе тычыцца як фізычных, так і юрыдычных асобаў. Ён паведаміў, што за 5 месяцаў 2013 году было затрымана каля 16 тысяч кіроўцаў у п’яным выглядзе і асобаў, якія адмовіліся ад мэдычнага агляду. Зь іх кожны дзясяты — паўторна цягам году.

Грамадзяне Расеі, затрыманыя на тэрыторыі Беларусі, будуць несьці адказнасьць нароўні зь беларускімі грамадзянамі і за паўторнае затрыманьне пры кіраваньні ў нецьвярозым стане таксама могуць пазбавіцца транспартнага сродку.

«Я хачу сказаць, што практычна ідзе неабвешчаная вайна на дарогах. Прычым зьвяртаю ўвагу на тое, што кожны пяты з пацярпелых пацярпеў зь віны кіроўцаў, якія знаходзіліся за рулём у стане алькагольнага ап’яненьня. У 2011–2012 гадах нецьвярозыя кіроўцы зрабілі 2000 злачынстваў, ад якіх загінулі 407 чалавек, а паранена 1835, сярод пацярпелых 72 дзіцяці», - заявіў генпракурор у выступе 19 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў.

Адказваючы на пытаньні дэпутатаў, генэральны пракурор сказаў, што гэта толькі першы этап узмацненьня барацьбы за парадак на дарогах. У пэрспэктыве разглядаецца, сярод іншага, магчымасьць караць кіроўцаў за «падрэзку», а таксама павысіць адказнасьць байкераў за паводзіны на дарогах. Генпракурор выказаў думку, што ёсьць сэнс вярнуцца да практыкі выдачы даверанасьці на права кіраваньня аўтамабілем: маўляў, гэта робіць людзей больш адказнымі і дысцыплінаванымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG