Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варламаў: Мяне паставілі на месца

Суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў Аляксандра Варламава да 5 гадоў абмежаваньня волі. Але залічылі час за кратамі: дзень за два. Яго вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыезьдзе.


13:36 23.7.2013
Скрабец: «Справа Варламава не была палітычнай»

Былы прадпрымальнік, дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец, ацэньваючы прысуд Аляксандру Варламаву, вылучае два моманты:

«Па-першае, гэта не палітычная справа. Таму яго і адпусьцілі. Бо калі параўнаць з маёй справай, то мне далі два з паловай гады. Я праседзеў за кратамі пад сьледзтвам 9 месяцаў. І мне можна было ўжо выходзіць на свабоду, на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Але гэтага ня здарылася. Мяне накіравалі на зону. І там мне начальнік сказаў, што я буду сядзець увесь тэрмін — ад званка да званка.

Таму я магу толькі парадавацца за Варламава, што яго адпусьцілі. Адпусьцілі таму, што ў яго справе не было палітычнага складніку.

Па-другое, што тычыцца мадэльных агенцтваў, казіно, клюбаў, то яны абслугоўваюць чыноўнікаў з вышэйшага складу нашай улады. Таму можна сказаць, што справа Варламава пераклікаецца са справай Данькова, з апошнім скандалам вакол абраньня міс Менску...».
12:41 23.7.2013
Сапелка: «Навошта хворага чалавека трымаць у турме?»

Юрыст Павал Сапелка адзначае:

«Я разумею, што па сутнасьці гэта была так званая гаспадарчая справа. То бок крымінальны перасьлед Варламава праводзіўся з-за ягонай гаспадарчай дзейнасьці.

Ведаючы, што стан яго здароўя быў даволі дрэнны, я не зусім разумеў тую меру стрыманьня, якую абралі для яго. Абсалютна не разумею, навошта хворага чалавека трымаць у турме і навошта затым хворага чалавека трымаць у клетцы, як бы на пацеху натоўпу.

Сам па сабе прысуд я камэнтаваць не хацеў бы».
12:20 23.7.2013
Гразнова: «Гэта ўрок іншым прадпрымальнікам»

Кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Праваабарончы альянс», зарэгістраванай у Літве, Людміла Гразнова называе справу Варламава гучнай:

«Гэта ўрок ня толькі Варламаву, але і іншым прадпрымальнікам, каб яны ведалі сваё месца, каб яны не пашыралі свой бізнэс, каб яны працавалі ня толькі на сябе, але і, умоўна кажучы, на таго дзядзьку. І самае галоўнае, каб яны працавалі, не выходзячы за рамкі нашай аўтарытарнай, у тым ліку і эканамічнай, мадэлі. Таму ўсё ў справе Варламава лягічна і невыпадкова».
12:04 23.7.2013
Кавалёва: «Гэты суд — перасьцярога іншым творчым асобам»

Юрыст Антаніна Кавалёва, камэнтуючы Свабодзе прысуд Аляксандру Варламаву, адзначае:

«Мне здаецца, што гэта вельмі жорсткі прысуд асобе, якая шмат гадоў была абласканая ўладай. Гэтай асобе ўдзялялася вялікая ўвага ў мэдыях, ёй выдзяляліся сродкі на правядзеньне шэрагу акцыяў. Чалавек стварыў сабе пэўны імідж, і свайму агенцтву, і фэстывалю, які ён праводзіў. І шкада, што ўсё тое, што Варламаў зрабіў, некуды канула. І, як мне здаецца, не ацэнена па-сапраўднаму.

І вельмі шкада, што цаніць творцаў, цаніць тое, што яны зрабілі для Беларусі, мы пачынаем толькі тады, калі супраць іх ужываюцца рэпрэсіі і чыніцца несправядлівасьць. Тое, што падаецца пра гэты судовы працэс незалежнай прэсай і нават афіцыйнымі тэлеканаламі, выклікае адчуваньне несправядлівасьці. А як паказвае мой досьвед, у людзей заўсёды ёсьць адчуваньне, што добра, а што нядобра, што справядліва, а што несправядліва. І з усяго, што робіцца вакол Варламава, узьнікае адчуваньне несправядлівасьці, адчуваньне таго, што гэты працэс нейкі паказальны.

Мне падаецца, што адбываюцца пэўныя разборкі, падзел сфэраў уплыву. І перасьцярога іншым творчым людзям, каб яны не пераступалі пэўную мяжу».

Загрузіць яшчэ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG