Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёвец патрабуе суду паводле Канстытуцыі, а ня актаў КДБ


Алег Аксёнаў

Сябра аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Алег Аксёнаў зьвярнуўся ў Магілёўскі абласны суд,каб скасаваць папярэджаньне, вынесенае яму за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Раней Ленінскі раённы суд Магілёва не задаволіў ягоны пазоў.

У скарзе Алег Аксёнаў даводзіць, што рашэньне раённага суду палітычна матываванае, што судзьдзя Валянціна Лапаціна неналежным чынам выкарыстала прававыя нормы пры разглядзе справы і праігнаравала прызнаныя беларускім заканадаўствам прынцыпы міжнароднага права. Актывіст спасылаецца на Грамадзянска-працэсуальны кодэкс, паводле якога суд павінен разглядаць справы на падставе беларускай Канстытуцыі:

«Суд праігнараваў маё канстытуцыйнае права на свабоду слова, асацыяцыяў, аб’яднаньняў. Не ўлічыў тое, што я маю права на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня. Суд праігнараваў той факт, што артыкул 193/1 (адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) антыканстытуцыйны. Акрамя таго, судзьдзя, выносячы вырак, спаслалася на нарматыўна-прававыя акты КДБ, то бок выкарыстала нейкія тайныя акты заканадаўства», — зазначае Алег Аксёнаў.

Актывіст у абласным судзе зьбіраецца дамагацца ня толькі скасаваньня пастановы раённага суду і вынесенага папярэджаньня, але й просіць суд, каб начальнік абласной управы КДБ пісьмова выбачыўся перад ім за дапушчаныя ў адносінах да яго незаконныя дзеяньні.

19 красавіка абласная ўправа КДБ вынесла Алегу Аксёнаву папярэджаньне на падставе знойдзеных у інтэрнэце публікацый пра мерапрыемствы, у якіх удзельнічаў ад імя БХД актывіст. Вынесенае папярэджаньне тлумачылася як прэвэнтыўная мера, каб папярэдзіць магчымую крымінальную адказнасьць актывіста за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG