Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПЭН-цэнтра зьявіўся сайт


Фрагмэнт сайту

Фрагмэнт сайту

«Лепш пазьней, чым ніколі: у Беларускага ПЭНа нарэшце ёсьць свой сайт. Шчыры дзякуй Ганьне Янкуце, Колю і Пашу Анціпавым!» — гэтак анансаваў зьяўленьне новай старонкі ў сеціве старшыня ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч.

Сайт арганізацыі pen-centre.by зьмяшчае асноўную інфармацыю пра ПЭН, апавядае пра праекты, якія падтрымлівае арганізацыя, падае апошнія літаратурныя навіны, расказвае пра асобаў ПЭН у Беларусі, а таксама пісьменьнікаў за кратамі, да якіх аднесеныя Алесь Бяляцкі і Павал Севярынец. На сайце можна таксама знайсьці крытычныя артыкулы, анонсы публікацый часопіса «Дзеяслоў».

Міжнародны ПЭН-клюб — усясьветнае аб’яднаньне прафэсійных літаратараў, заснаванае ў Лёндане 5 кастрычніка 1921 году з ініцыятывы Кэтрын Эмі Доўсан-Скот і Джона Галсуорсі, каб пашыраць супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафэсіяў і абараняць іх правы. У 2010 годзе Міжнародны ПЭН-клюб налічваў больш за 140 аўтаномных прадстаўніцтваў у розных краінах сьвету.

Беларускі ПЭН-цэнтар быў створаны ў 1989 годзе аргкамітэтам, у які ўваходзіла 20 пісьменьнікаў, і прыняты ў Міжнародны ПЭН-клюб у траўні 1990 году.

Беларускі ПЭН-цэнтар зьяўляецца адным з заснавальнікаў прэміі імя Ежы Гедройца і прэміі «Дэбют», ладзіць конкурсы маладых літаратараў, уручае прэміі імя Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвiча, падтрымлівае выданьне кніг.
XS
SM
MD
LG