Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрылася выстава эмігранцкіх кніг Якуба Коласа


У Дзяржаўным літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа адкрылася выстава «Якуб Колас у эміграцыйным друку», прысьвечаная шостаму Зьезду беларусаў сьвету.

На адкрыцьці выступіў сын паэта Міхась Міцкевіч, які прэзэнтаваў фрагмэнт фотавыставы пра жыцьцё і творчасьць Якуба Коласа.

Унучка Коласа Марыя Міцкевіч, арганізатарка выставы, сказала, што дзякуючы суродзічам, якія апынуліся па-за межамі Беларусі, у Нямеччыне, Ангельшчыне, ЗША, Канадзе, беларусы атрымалі магчымасьць пазнаёміцца з матэрыяламі, якія не маглі быць надрукаваныя на Радзіме:

«Калі я першы раз трапіла ў ЗША, то была зьдзіўленая, што там выходзяць газэты па-беларуску, друкуюцца часопісы на беларускай мове, выдаюцца кнігі, напісаныя ў тым ліку і Якубам Коласам».

Найбольш матэрыялаў для выставы знайшлося ў бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лёндане, дзе, апроч пэрыёдыкі, захоўваецца шмат рукапісаў. Дырэктар бібліятэкі айцец Аляксандр Надсан перадаў копіі артыкулаў і рукапісаў у фонд беларускага музэю. Сярод іх артыкул «Падумайце аб дзецях», які раней нідзе не друкаваўся. Цяпер ён увойдзе ў 16-ты том поўнага збору твораў Якуба Коласа.

На эміграцыі, у выдавецтве «Бацькаўшчына», выходзілі «Новая зямля», «Сымон-музыка», «У палескай глушы», іншыя кнігі Якуба Коласа. Апроч твораў самога Якуба Коласа на выставе прадстаўленыя і матэрыялы, прысьвечаныя яго творчасьці. Гэта працы Станіслава Станкевіча, Вітаўта Кіпеля, Міколы Прускага, Янкі Запрудніка і Антона Адамовіча. На думку Марыі Міхайлаўны, такія кнігі даюць магчымасьць паглядзець на творчасьць усім вядомага паэта іншымі вачыма, вачыма людзей, якія, апынуўшыся за межамі краіны, на ўсё жыцьцё засталіся беларусамі.

Таксама на выставе можна пабачыць рэдкія газэты, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі падчас нямецкай акупацыі, — «Беларуская раніца», «Беларускі работнік», скаўцкія выданьні, у якіх друкаваліся творы Якуба Коласа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG