Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск — Вільня»: «саўковае» падарожжа


Калі застаецца паўгадзіны да прыбыцьця на канцавую станцыю хуткага цягніка № 15 «Менск — Вільня», пасажыры пачынаюць нэрвова ўставаць са сваіх месцаў і сунуцца з багажом бліжэй да выхаду. Нарэшце цягнік спыняецца, і пачынаецца забег па пэроне да чатырох запаветных будак памежнага кантролю ў падземным пераходзе, адразу за крутымі і вузкімі сходамі. Некалькі сотняў чалавек, заціснутыя з двух бакоў бэтонам і шыбамі, будуць штурхацца, лаяцца, нехта будзе прасіцца прапусьціць без чаргі, бо спазьняецца на лётнішча, а калі іх прапусьцяць, дык яны пацягнуць свае валізкі па нагах іншых пасажыраў. Малыя і старыя, здаровыя і калекі правядуць, каму як пашанцуе, аж да гадзіны і болей у такіх умовах, дзе не прысесьці, хіба прытуліцца да суседа ці да парэнчаў. На шляху са свайго месца ў вагоне да запаветнай Вільні здараюцца і бойкі, адну зь якіх я назіраў 28 чэрвеня ў вагоне № 5, калі маладая жанчына заехала кулаком па твары юнаку. Такім спосабам цяпер людзі прыбываюць зь Менску ў сталіцу адной з эўрапейскіх краінаў — Літвы...

Вось такі праўдзівы вынік рэклямаванага шмат месяцаў спрашчэньня памежнага і мытнага кантролю (перанос яго зь цягніка на вакзал) і адпаведна скарачэньня часу ў дарозе з трох гадзінаў да дзьвюх з паловай. Насамрэч для мяне, які быў дзесьці ў сярэдзіне чаргі, час павялічыўся 28 чэрвеня да 3 гадзінаў 20 хвілінаў, а 19 ліпеня я, ужо дасьведчаны і гэтым разам без валізкі, сам скараціў хітрыкамі і прабежкай гэты час да 3 гадзінаў 10 хвілінаў. На зваротным шляху таксама дадаецца час да абяцаных дзьвюх з паловай гадзінаў. Ты ўжо ня можаш сесьці ў вагон у апошнюю хвіліну. Пашпартны кантроль завяршаецца за 10 хвілінаў да адпраўленьня цягніка. І зноў жа, хоць і істотна меней, чым пры прыезьдзе, але пастаяць у чарзе трэба.

Напэўна ж, хацелі зрабіць як лепей, а выйшла як заўсёды. Па-савецку, па-саўковаму. Літоўскі бок «спрасьціў» працэдуру пашпартнага і мытнага кантролю толькі для сваіх памежнікаў і мытнікаў. Цяпер яны ня ходзяць па вагонах у часе руху цягніка, а сядзяць у кабінках. Людзі ж адчуваюць сябе зьняважанымі і прыніжанымі, цярпяць фізычны і псыхалягічны зьдзек.

фота: gazetaby.com
фота: gazetaby.com


Любоў беларусаў да Вільні ня зьнікне. У аснове яе і генэтычная памяць пра колішнюю сталіцу, і рэлігійная прывязанасьць перадусім праз такую сьвятыню, як Вострая Брама, і магчымасьць адносна недарагога адпачынку ў Паланзе на самым блізкім ад Беларусі моры. Узьніклі і зусім новыя рэаліі. У Вільні адчыніліся крамы папулярных і ня вельмі дарагіх эўрапейскіх брэндаў, якія не прысутнічаюць на беларускім рынку, такіх, як, да прыкладу, «H & M», «New Yorker», «Bershka». Цэны на побытавыя тавары і нават на харчы таксама ніжэйшыя. Гандлёвы цэнтар «Акропаліс» — увогуле мэкка для беларусаў. Вось жа і віленскі аэрапорт стаў папулярным у беларусаў, бо адтуль нашмат больш таннымі рэйсамі, прыкладам авіякампаніі " Ryanair«, чым роднай кампаніі «Белавія», можна даляцець да бальшыні эўрапейскіх сталіцаў. Разьвіваюцца і дзелавыя кантакты.

Афіцыйна паведамляецца, што колькасьць людзей, якія вандруюць паміж сталіцамі Беларусі і Літвы, імкліва расьце: у 2012 годзе яна склала 269 тысяч чалавек, што на 65,6% больш, чым годам раней. У першым квартале сёлета маршрутам скарысталіся 76 тысяч пасажыраў — на 30% больш, чым за аналягічны пэрыяд летась. Пераважна гэта беларусы, якія езьдзяць у Вільню на закупы. Яны едуць, як правіла, на адзін дзень, і час знаходжаньня ў гэтым горадзе, для іх вельмі важны.

Беларусы моўчкі пераносяць усе выпрабаваньні на віленскім вакзале, бо яны ёсьць усяго толькі працягам атрыманьня візы. Бо ў любым выпадку гэта шанец на танныя закупы ці танны палёт у Парыж...

фота: gazetaby.com
фота: gazetaby.com


На новаўвядзеньне літоўскага боку беларускі бок адказаў «новай якасьці» цягніком. А менавіта: усе вагоны (дарэчы, старыя) сталі сядзячымі, як у прыгарадных электрычках, толькі што з больш камфортнымі крэсламі. Падзялілі іх на тры клясы, якія мала чым паміж сабой розьняцца, хіба што цэнамі. Падарожжа ў Вільню, паводле камфорту, стала горшым, чым у савецкія часы. Прынамсі, у тым знакамітым на ўвесь Савецкі Саюз цягніку «Чайка», які раніцай адпраўляўся зь Менску і праз Вільню, Рыгу, Тарту ўвечары прыяжджаў у Талін, былі па дзьве прыбіральні ў кожным вагоне. Цяпер — дзьве прыбіральні на шэсьць вагонаў. Там падавалі каву і гарбату. Тут правадніцы ў кошыку носяць толькі пітную ваду і вафлі ці пячэньне.

У цягніку, які мае статус міжнароднага, абвесткі па радыё аб адпраўленьні, прыбыцьці, пашпартным і мытным кантролі і іншыя інструкцыі для пасажыраў робяцца выключна на расейскай мове. Выкінем з увагі тое, да чаго беларусы прызвычаіліся, — іхняй моўнай зьнявагі. Але чаму літоўцы павінны ведаць расейскую мову? Чаму нічога зь інфармацыі ня могуць зразумець ангельцы, амэрыканцы, палякі, іншыя народы, якія час ад часу таксама карыстаюцца гэтым міжнародным цягніком? Мо варта пераняць досьвед кампаніі «Белавія», на самалётах якой абвесткі робяцца па-беларуску і па-ангельску? Чаму правадніцы, якіх засадзілі ў шкляныя будкі пры ўваходзе ў вагон, ня ведаюць ніякай іншай мовы, акрамя расейскай? Гэтае падарожжа нават не назад у «савок», а кудысьці яшчэ далей. Дадамо сюды яшчэ і ня вельмі прыветлівых беларускіх мытнікаў, пра што іншая гаворка.

Але сапраўдны парытэт у «добрай дзьвюхбаковай справе» спрыяньня «паляпшэньню кантактаў паміж братэрскімі народамі» яшчэ наперадзе. Літоўцы пачынаюць разумець, што нічога добрага не атрымалася, а 15 ліпеня прэзыдэнт Беларусі сваім указам загадаў, каб у 2015 годзе быў арганізаваны пашпартны і мытны кантроль для пасажыраў, якія едуць у Вільню, на вакзале ў Менску. Гэтакім чынам і беларускі бок нібыта намагаецца скараціць час у дарозе яшчэ на паўгадзіны. Ведаючы беларускія парадкі, асаблівую руплівасьць беларускіх мытнікаў, можна прагназаваць, у што ператворыцца гэтае падарожжа і наколькі насамрэч павялічыцца рэальны час даезду да Вільні.

...У жудаснай чарзе на віленскім вакзале немаладога веку жанчына ў роспачы прамовіла: «Хай бы Лукашэнка з Грыбаўскайце пастаялі, як мы, тут!» А чаму б і не?! Вось толькі Лукашэнка зноў неўязны.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG