Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дзень абмежаваньня волі


Апоўначы завяршаецца двухгадовы тэрмін адбыцьця пакараньня ў Аляксандра Фядуты, Андрэя Дзьмітрыева, Сяргея Вазьняка і Віталя Рымашэўскага.

22 ліпеня яны мяркуюць наведаць свае РУУСы, каб высьветліць сытуацыю і свой статус.

«Сёньня ў нас апошні дзень. У мяне, напрыклад, цягам двухгадовага тэрміну не было ніводнага папярэджаньня. Фактычна, гэта павінна адбыцца аўтаматычна, ніякай жа працэдуры няма. Я наведаю крымінальна-выканаўчую інспэкцыю, бо там нейкія фармальнасьці, нешта трэба падпісаць. Але ў нуль гадзін у мяне заканчваецца ўмоўна-выпрабавальны тэрмін. Трэба ж зьняцца яшчэ з усялякіх улікаў, у тым ліку скасаваць забарону на выезд за мяжу», — сказаў Сяргей Вазьняк.

Пасьля наведваньня пастарунку Сяргей распавёў:

«Я пабываў у міліцыі. Заўтра крымінальна-выканаўчая інспэкцыя Ленінскага РУУС накіруе дакумэнты, каб мяне паздымалі з уліку з розных інфармацыйных базаў, у тым ліку з базы невыязных. Ніякіх прэтэнзіяў да мяне ў іх няма. Душашчыпальных размоў са мной не было. Яны толькі пажадалі больш ім не пападацца. Але я сказаў. што паколькі за два гады ўмоўнага пакараньня я род сваёй дзейнасьці не памяняў і займаюся палітычнай дзейнасьцю ў складзе апазыцыйных структураў, то абяцаць гэтага не магу. Ну, і на гэтым разьвіталіся. Напрыканцы тыдня зьбіраюся наведаць міграцыйную службу і даведаюся, ці выключылі мяне з базы асобаў, якім забаронены выезд за мяжу. Мне сказалі, што гэтая працэдура займае пэўны час».

Андрэй Дзьмітрыеў наведаў 22 ліпеня РУУС, дзе падпісаў шэраг папераў.

«Фармальна ад заўтрашняга дня лічыцца, што я адбыў сваё двухгадовае ўмоўнае пакараньне, якое атрымаў за ўдзел і арганізацыю Плошчы. І цяпер, да прыкладу, магу выяжджаць зь Беларусі. Умоўнае пакараньне — гэта адзін з варыянтаў абмежаваньня волі. У мяне там былі, здаецца, два парушэньні, але яны не палічылі іх вартымі для таго, каб працягнуць маё пакараньне. У мяне там было адміністрацыйнае парушэньне, калі я адседзеў за кітайскі парк», — сказаў Дзьмітрыеў карэспандэнту Свабоды.

Ён адзначыў, што цягам двух гадоў адбыцьця пакараньня фармальна ня мог займацца палітычнай дзейнасьцю, мяняць месца жыхарства без папярэджаньня, ня мог зьяжджаць за мяжу, павінен быў раз на месяц прыходзіць на сустрэчу ў РУУС, павінен быў даваць справаздачу пра сваё жыцьцё, а супрацоўнікі міліцыі цікавіліся ўмовамі ягонага жыцьця.

Андрэй Дзьмітрыеў апавёў пра свае пляны на волі:

«Я не зьбіраюся пакідаць цяпер Беларусь. Бо шмат працы па народным рэфэрэндуме. Заўтра мы едзем у Віцебскую вобласьць, там будзем тры дні. Потым у Менску будуць сустрэчы. Таму Эўропа пакуль пачакае».

Віталь Рымашэўскі таксама наведаў РУУС, і яму сказалі, што яго двухгадовае ўмоўнае пакараньне завяршаецца ў нуль гадзін. Яму сказалі, што гэта не азначае, што ён аўтаматычна становіцца выязным за межы краіны. Таму заўтра Рымашэўскі мяркуе разабрацца, ці застаецца ён у сьпісах асобаў, якім забаронены выезд.Ён паведаміў, што ў яго заплянавана сустрэча зь літоўскімі калегамі ў Вільні 24–25 ліпеня.

20 ліпеня ў Сяргея Марцэлева таксама скончыўся тэрмін адбыцьця пакараньня.
XS
SM
MD
LG