Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці страшна есьці яйкі?


Зусім нястрашна — лічыць амэрыканскі біяхімік і адмысловец у пытаньнях харчаваньня Джон Бэрардзі.

Чаму ж тады прысутнасьць яек у дыеце выклікае зацятыя спрэчкі ў ЗША і іншых краінах?

Перш за ўсё таму, лічыць прафэсар Бэрардзі, што гэта мае дачыненьне да халестэрыну ў яйку і да дыетычных рэкамэндацый Амэрыканскай кардыялягічнай асацыяцыі. Вялікае яйка ўтрымлівае ў сабе да 185 міліграмаў халестэрыну (у жаўтку). А амэрыканскія кардыёлягі рэкамэндуюць, каб сутачнае спажываньне халестэрыну чалавекам не перавышала 300 міліграмаў. Інакш кажучы, два яйкі, зьедзеныя чалавекам цягам сутак, ужо перасягаюць гэтую вагавую мяжу.

Праблема ў тым, тлумачыць Джон Бэрардзі, што гэтая рэкамэндацыя засноўваецца на прадпасылцы, што чым больш халестэрыну спажывае чалавек, тым больш халестэрыну апынаецца ў ягонай крыві, павышаючы рызыку сардэчна-судзінных захворваньняў. Праўда, аднак, крыху іншая.

Чалавечы арганізм самастойна вытварае халестэрын колькасьцю 1-2 грамы за суткі (гэта ў 5-10 разоў больш, чым у вялікім яйку). Што яшчэ больш істотна, арганізм рэгулюе ўзровень свайго халестэрыну — калі чалавек спажывае больш халестэрыну (напрыклад, у яйках), дык ягоны арганізм абмяжоўвае вытворчасьць гэтага рэчыва^; а калі мы ня ўводзім халестэрын зь ежай, дык арганізм адпаведна пабольшвае яго вытворчасьць. То бок, у адносінах да халестэрыну чалавечы арганізм дзейнічае як тэрмастат у адносінах да ўтрыманьня сталай тэмпэратуры ў памяшканьні.

Пры тым, пераконвае Джон Бэрардзі, жаўток яйка зьяўляецца адным з самых пажыўных, багатых антыаксыдантамі і вітамінамі прадуктаў на сьвеце. Яечныя жаўткі ўтрымліваюць кальцый, жалеза, фосфар, цынк, тыямін, фоліевую кіслату, пантатэнавую кіслату, вітаміны В6 і В12. Акрамя таго, жаўток зьмяшчае ўсе тлушчараспушчальныя кампанэнты, такія як вітаміны А, D і Е.

Карацей, паводле Джона Бэрардзі, няма праблемаў, каб здаровы чалавек зьядаў па тры яйкі штодня бяз шкоды для свайго здароўя. Вынятак складаюць хворыя на дыябэт і тыя, хто пакутуе ад захворваньня пад назвай сямейная гіпэрхалестэрынэмія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG