Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія міністры: дыскусія па АЭС пакуль ня можа адбыцца


Літва заявіла, што дыскусія па справаздачы пра ўплыў на навакольнае асяродзьдзе Астравецкай АЭС, якую склікае Беларусь, ня можа адбыцца, паколькі беларускі бок яшчэ не адказаў на зададзеныя яму пытаньні.

Пра гэта заявілі літоўскія міністры — замежных спраў і навакольнага асяродзьдзя.

Беларуская амбасада ў Літве паведаміла, што 17 жніўня ў 12 гадзін у Астраўцы адбудзецца сход з літоўскай грамадзкасьцю і спэцыялістамі па пытаньнях экалёгіі будучай АЭС. Плянуецца абмеркаваць справаздачу пра Ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) Беларускай АЭС.

«У раней дасланых адказах Беларусі па Астравецкай АЭС мы бачым шмат пытаньняў, якія засталіся без адказу. МЗС даручана перадаць нашу пазыцыю Беларусі, і пакуль няма канчатковых, поўных адказаў, сустрэчы з грамадзкасьцю ня могуць праводзіцца. Мне здаецца, што гэта больш падобна на спробу аказаць ціск на нас», — сказаў BNS міністар навакольнага асяродзьдзя Літвы Валянцінас Мазуроніс.

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус сказаў, што Беларусь не выконвае працэдуры канвэнцыі Эспоо: «Тое, што яны даслалі, не адпавядае патрабаваньням да дадзеных, і такія сустрэчы не могуць праводзіцца».

Канвэнцыя Эспоо ААН прадугледжвае, што публічныя спрэчкі з нагоды ацэнкі ўплыву на навакольнае асяродзьдзе могуць праводзіцца, калі экспэрты зацікаўленых бакоў цалкам азнаёмяцца з дакумэнтамі.

Паводле амбасады Беларусі, у інфацэнтры Беларускай АЭС у Астраўцы адбудзецца сход з удзелам літоўскай грамадзкасьці і спэцыялістамі для абмеркаваньня справаздачы АУНА, а абмеркаваньне праводзіцца ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Камітэта па выкананьні Канвэнцыі Эспоо. Таксама паведамляецца, што пытаньні беларускім адмыслоўцам можна задаваць з 17 чэрвеня па 17 жніўня.

Прыняўшы пад увагу скаргу Літвы камітэт па выкананьні Канвэнцыі Эспоо ААН у красавіку гэтага года абавязаў Беларусь працягнуць працэдуры ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі канвэнцыі, каб адказаць на ўсе пытаньні Літвы і ацаніць усе камэнтары.

Першую АЭС магутнасьцю 2,4 гігаваты Беларусь плянуе пабудаваць з фінансавай дапамогай Расеі ў Гарадзенскай вобласьці, ля Астраўца (50 км ад Вільні).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG