Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адкрыцьцё: Навукоўцы навучыліся падымаць прадметы ў паветра гукавымі хвалямі


Навукоўцы навучыліся падымаць аб’екты і перамяшчаць іх у паветры з дапамогай гукавых хваляў. Гаворка ідзе аб кроплі вады велічынёй некалькі мілімэтраў, але дасьледнікі кажуць, што ў будучыні змогуць падымаць і людзей. Праўда, яны ня ведаюць, ці зможа чалавек вытрымаць такі «атракцыён».

Дасьледнікам зь Лябараторыі тэрмадынамікі і найноўшых тэхналёгіяў у Цюрыху ўпершыню ўдалося падняць над паверхняй кроплі вады, злучыць іх і пакруціць зубачыстку ў паветры, піша выданьне New Scientist. Прынцыповым адрозьненьнем новай тэхналёгіі, якая выкарыстоўвае сілу гуку для процівагі гравітацыі, ёсьць магчымасьць кантраляваць рух паднятых аб’ектаў.



Дзімас Пулікакас і яго калегі распрацавалі сыстэму рэзанатараў, якая стварае так званую стаячую гукавую хвалю і можа зьмяняць яе форму, тым самым перамяшчаючы паднятыя ў вузлах гэтай хвалі аб’екты. Падчас экспэрыменту навукоўцы злучылі дзьве кроплі вады, а таксама грануляваную распушчальную каву з кропляй вады.
«Упершыню можна рухаць матэрыю такім бескантактавым, але кантраляваным спосабам»

«Упершыню можна рухаць матэрыю такім бескантактавым, але кантраляваным спосабам», — заўважае Дзімас Пулікакас.

Левітацыя была магчымая і да гэтага часу, і ня толькі як фокус ілюзіяністаў. Навукоўцы ўздымалі ў паветра жаб і ссоўвалі цягнікі. Аднак раней для таго, каб падняць штосьці ў паветра, выкарыстоўваліся магнітныя і электрастатычныі палі. Яны істотна абмяжоўвалі характарыстыкі аб’ектаў левітацыі — гэтыя аб’екты павінны былі мець пэўныя электрычныя ці магнітныя ўласьцівасьці.

Затое высокачастотныя акустычныя хвалі дазваляюць падымаць розныя прадметы, незалежна ад іх уласьцівасьцяў, з адной умовай: максымальны дыямэтар аб’екту павінен адпавядаць палове даўжыні гукавой хвалі, якая ўжываецца для левітацыі. «Гэтая тэхналёгія дазваляе падымаць і перамяшчаць што заўгодна», — кажа Дзімас Пулікакас

Ня ўпэўнены, што чалавек зможа перажыць акустычныя хвалі

Цяпер тэхналёгія абмежаваная невялікімі аб’ектамі з шчыльнасьцю, як у вады, але навукоўцы чакаюць, што змогуць падымаць і перамяшчаць нават людзей, бо шчыльнасьць цела чалавека ня надта перавышае шчыльнасьць вады. Памеры таксама ня маюць значэньня. Але чым большы аб’ект, тым большай павінна быць амплітуда хвалі, якая трымае яго ў паветры. Аднак значная сіла хвалі азначае значную сілу процівагі. «Ня ўпэўнены, што чалавек зможа перажыць акустычныя хвалі», — адзначае Дзімас Пулікакас.

Акустычную левітацыю плянуюць ужываць для вывучэньня хімічных рэакцыяў у экстрэмальных асяродзьзях, перамяшчаць небясьпечныя рэчывы, а таксама сымуляваць нізкую гравітацыю космасу.
XS
SM
MD
LG