Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі шукаюць «каньячнага» сябра Лукашэнкі


 Гагік Царукян

Гагік Царукян

Армянскія СМІ пішуць пра «зьнікненьне» Гагіка Царукяна — мясцовага алігарха, кіраўніка партыі «Квітнеючая Армэнія» і вялікага сябра Аляксандра Лукашэнкі.

Па словах журналістаў, больш за месяц Царукян не зьяўляецца на публічных імпрэзах, не цікавіцца партыйным жыцьцём і ўвогуле не выходзіць на сувязь. Пры гэтым, як піша ерэванскі партал Lragir.am, мільярдэр чароўным чынам зьнік акурат пасьля таго, як горача сустракаўся з беларускім прэзыдэнтам.

«Пасьля ашаламляльнай прэзэнтацыі царквы ў Абавяне з удзелам Аляксандра Лукашэнкі як у ваду кануў Гагік Царукян», — падкрэсьлівае інтэрнэт-выданьне.

Клопат армянскай прэсы небеспадстаўны — палітычныя партыі Армэніі дыстанцыяваліся ад вырашэньня самых надзённых пытаньняў грамадзтва, хоць пляны дэкляраваліся «напалеонаўскія»: «Маўчаньне партый адносна падаражаньня газу, транспарту, продажу Расеяй зброі Азэрбайджану, асацыяцыі Армэніі з Эўразьвязам і месца Карабаха ў гэтым працэсе сьведчыць на тое, што гэтыя працэсы на закранаюць сфэры інтарэсаў кіраўнікоў партый. У іх ёсьць справы больш важныя», — рэзюмую Lragir.am.

Да больш важных спраў, удакладняюць армянскія СМІ, відавочна, адносіцца асабісты бізнэс Царукяна, які атрымаў у тым ліку і беларускае адценьне. Летась з блаславеньня Лукашэнкі ў Менску пачала працаваць лінія розьліву каньяку «Армянскі стандарт» — у Ерэване алігарху належыць сярод іншага вінна-гарэлачны камбінат «Ной». Чырвоную стужку на новай вытворчасьці мільярдэр і прэзыдэнт рэзалі разам.

Дарэчы, менавіта ў падвалах ерэванскага заводу захоўваюцца 400 літраў каньяку для малодшага сына Лукашэнкі Мікалая. На пломбе пазначана — «адчыніць у дзень вясельля».

Зрэшты, у Армэніі лічаць, што Царукян нікуды ня зьнік, а проста выправіўся чарговы экзатычны адпачынак. Проста гэтым разам вакацыі зацягнуліся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG