Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ермакова разьлічвае на кітайскі крэдыт


Надзея Ермакова

Надзея Ермакова

Беларусь абмяркоўвае з кітайскім бокам магчымасьць выдзяленьня нязьвязанага крэдыту для папаўненьня ўласных золатавалютных рэзэрваў.

Пра гэта заявіла старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова, дакладваючы кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, паведамляе 19 ліпеня прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

Ермакова выказала спадзеў, што на сустрэчы прэм’ераў Беларусі і Кітаю лёс крэдыту «будзе ўжо канчаткова даведзены да лягічнага завяршэньня», перадаюць дзяржаўныя СМІ.

Паводле інфармацыі прэс-службы, Лукашэнка адзначыў, што сытуацыя ў эканоміцы Беларусі, як і ва ўсім сьвеце, складваецца няпростая, але ніякай катастрофы няма. Разам з тым Лукашэнка папярэдзіў Ермакову аб недапушчальнасьці эмісійнага крэдытаваньня эканомікі.

Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі, разьлічаныя паводле нацыянальных стандартаў, скараціліся за паўгодзьдзе на 1,5% і на 1 ліпеня 2013 году склалі 8 млрд 632,6 млн даляраў у эквіваленце. Паводле стандартаў МВФ ЗВР на 1 ліпеня склалі 8 млрд 17,6 млн даляраў, скараціўшыся за паўгода на 0,96%.

Кіраўнік Беларусі разьлічвае таксама на дадатковы эканамічны эфэкт для краіны ад дасягнутых з кітайскім бокам дамоўленасьцяў на агульную суму каля $ 1,5 млрд падчас яго нядаўняга візыту ў КНР.

«Кітайскія партнэры абяцалі, што з інвэстыцыямі ў нас праблем ня будзе, у іх ёсьць грошы, яны хацелі б інвэставаць у нашу эканоміку», — сказаў Лукашэнка.

Падчас сустрэчы з прэм’ерам Міхаілам Мясьніковічам Лукашэнка запатрабаваў паскорыць работы па фармаваньні кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, каб рэзыдэнты маглі пачынаць стварэньне вытворчых магутнасьцяў.
XS
SM
MD
LG