Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Філёзаф Уладзімер Падгол: «Месца Спыненага Часу павінен мець кожны»


«Недалёка ад пасёлка Крывічы ў вёсцы пад назовам Каранішацы жыла-была сям’я тутэйшых, беларусаў. Жылі бедна, гаротна, мелі адзінаццаць дзетак і працавалі з ранку да вечара. Шчасьця ня ведалі, а тут яшчэ і сыны пачалі паміраць.

І вось тады вырашыў гаспадар зрабіць нешта, каб Бог пачуў яго. Ён вырашыў зрабіць свой звон, каб дазваніцца да Бога і перадаць яму свае малітвы пра лепшае жыцьцё. І пачаў рабіць гэты звон.

Але ж чорт нашаптаў беларусу: «Навошта табе звон? Бог не пачуе ні яго звону, ні тваёй малітвы. Ніколі нікога ён ня чуў».

Беларус усё ж зрабіў звон і вырашыў як мага вышэй яго ўзьняць. Не атрымалася. І тады чорт яму кажа: «Мука, якую ты будзеш малоць у гэтым звоне, будзе вельмі дарагая — азалоцісься».

Беларус плюнуў на звон, плюнуў на Бога і пачаў малоць муку. Але жорны ўсе калоліся. Усе! І тады ён узяў велізарны камень і пачаў малоць зерне ў звоне. А камень хутка ператварыўся ў кулю, і зноў немажліва было малоць.

І вось аднойчы да беларуса ў сьне прыйшоў анёл і сказаў: «Бог пачуў твае мальбы і хоча, каб ты да яго зьявіўся. Але для гэтага ты мусіш выдзеўбці з цэльнага дрэва чаўны, і ты мусіш зрабіць два кашы: адзін для шчасьця, адзін для гора, бо за табой абавязкова, як ты пойдзеш да Бога, чорт і сьмерць патурацца. І зрабіць чароўную лыжку з суцэльнага дрэва, якая будзе адкідаць усю злыбеду, якую чорт і сьмерць будуць табе насылаць. Яшчэ ты мусіш змалоць зерне на хлеб скамянелымі сэрцамі сваіх продкаў. Адно сэрца скамянела ў надзеі, а другое ў роспачы».

Ня дзёўб ён чаўны. Узяў карыты звычайныя, зь якіх паіў скаціну. І прасьніцы для вёслаў. І калі намалоў зерня сэрцамі сваіх продкаў і сьпёк хлеб і паселі ўсе ў човен, тут дачушка маленькая саскочыла. А ўжо круцяцца сячкарні, якія павінны былі адсекчы ўсё рабскае ў душах.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Дзяўчынка саскочыла і пачала цалаваць свайго сабачку і сваю козачку, якіх вельмі любіла і хацела ўзяць з сабой. Але бацька кажа, што месца ў чоўне не хапае. Човен з бацькам, маці, братамі і сястрычкамі празь сячкарні паплыў да Бога. А дзяўчынка засталася. Чакала доўга-доўга. І скамянела ейная душа. І скамянела сэрца. І адзервянеў сабачка, які аднойчы ў лесе выратаваў дзяўчо. Зьдзервянела таксама козачка, якая давала малако. Потым зь яе зрабілі льнамялку — вось яна, зробленая з суцэльнага дрэва. Так яны рассталіся.

Чорт кінуўся за бацькам, за сям’ёй і пачаў угаворваць ня плыць да Бога: «Вярніся назад, прадай гэтыя чаўны, за гэта возьмеш фантастычныя грошы». Адмовіўся бацька, паплыў далей.

Сьмерць прыйшла да дзяўчынкі і кажа: «Давай пойдзем са мной! Я давяду цябе да бацькі і маці». Адмовілася дзяўчынка і засталася тут.

Ажывуць яны толькі тады — і дзяўчынка, і сабачка, і козачка — калі бацька з усёй сям’ёй вернецца назад на гэты двор. А тут на двары, калі сэрца і душа дзяўчынкі скамянелі, усе кветкі ператварыліся ў жорны. А на цэнтральнай кветцы, цэнтральных жорнах узьнікла душа гэтай сям’і — каменнае яйка.

Бацька, калі ад’яжджаў, каб затрымаць чорта і сьмерць, паставіў у гэтыя кадаўбухі сала і самагонку, ды цэпам прывязаў да дуба адзін з гэтых чаўноў. Напіліся чорт і сьмерць, песьні гарлалі, ну, а потым адпомсьцілі бацьку.

Вось і застаецца нам чакаць, калі гэтая сям’я беларусаў вернецца ад Бога, калі яны ўзьяднаюцца. І тады ажывуць і дзяўчынка, і козачка, і сабачка.

Мы з вамі ў незвычайным месцы — гэта Месца Спыненага Часу. Усё, што колісь везла, малола, круцілася, вярцелася, працавала — спынілася. Час спыніўся. Шмат што занядбанае, ржавее, гніе, гібее ў траве. Я лічу, што так, як шмат хто імкнецца адрадзіць мову, мы мусім адрадзіць нашы старажытныя прылады, прылады нашых продкаў, якія працавалі, якія палівалі ўсё гэта потам і ў якіх назапашана неверагоднай сілы магічная магутнасьць. Вось гэтая працаздольнасьць нашых продкаў і ў жорнах, і ў сячкарнях, і ў калаўротах. І кожны павінен мець, калі ня мае, Месца Спыненага Часу, каб добра падумаць пра жыцьцё, каб падумаць, што, можа, з гэтага месца ён скіруе свой шлях да Бога».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG