Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоць Аляксея Навальнага вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе, але палітыкі, мэдыі, сацыяльныя сеткі працягваюць абмяркоўваць палітычны «фэномэн Навальнага». Ня будзем цяпер даваць маральную ацэнку ні Пуціну, ні ўзроўню правасудзьдзя ў Расеі: гэта ўсё відавочна.

Вось вядомы сатырык Віктар Шэндаровіч назваў свой артыкул на гэтую тэму ў часопісе «Новое время» вельмі красамоўна — «Ідыёты».
Цікавей пагаварыць пра матывы і палітычныя наступствы гэтага прысуду. У расейскім апазыцыйным асяродзьдзі пераважаюць абурэньне і экспрэсіўныя закіды на адрас пуцінскага рэжыму. Вось вядомы сатырык Віктар Шэндаровіч назваў свой артыкул на гэтую тэму ў часопісе «Новое время» вельмі красамоўна — «Ідыёты». Але, нягледзячы на назву, ягоныя папрокі на адрас расейскай кіроўнай каманды досыць рацыянальныя. Галоўны закід Шэндзеровіча палягае ў тым, што яны дурныя і дрэнна ведаюць гісторыю:

«Яны невукі, і невукі прынцыповыя... Гісторыі ж як рэхалота, здольнага папярэдзіць пра заўтрашнюю небясьпеку — папросту не існуе для іх. Вы шчыра думаеце, што калі ў краіне з сумнеўнай легітымнасьцю ўлады, дзе тлее пратэст, а эканоміка трымаецца на шчупаковым казаньні, засадзіць у лягер галоўнага палітычнага праціўніка, а піпл абкарміць спартыўнымі перамогамі, то вы канчаткова перамаглі? Прызнайцеся, ідыёты, вы ж сапраўды так думаеце, праўда?»

Але, як кажуць амэрыканцы, калі ты разумны, то чаму не багаты? Наконт гісторыі. Як сьведчаць розныя апытаньні, тыран Сталін у Расеі — самы папулярны гістарычны дзеяч. Хоць расейская эліта гэта ўсяляк і хавае, бо трохі саромеецца.

Як сьведчаць розныя апытаньні, тыран Сталін у Расеі — самы папулярны гістарычны дзеяч. Хоць расейская эліта гэта ўсяляк і хавае, бо трохі саромеецца.
Але пакінем гісторыю гісторыкам і зьвернемся да сёньняшніх палітычных рэаліяў. У расейскіх сацыяльных сетках выказвалася думка, што прысуд Навальнаму — гэта горш, чым злачынства Пуціна: гэта памылка. Бо прэзыдэнт РФ уласнымі рукамі стварае з апазыцыянэра вобраз мучаніка рэжыму. Ладзіць яму рэкляму, робіць вядомым (дасюль пра Навальнага нешта чуў толькі 41% расейскага насельніцтва), стварае рэйтынг (які пакуль быў на ўзроўні 6%). І цяпер усе расейцы будуць ведаць, што апазыцыйнага лідэра пасадзілі за барацьбу з карупцыяй. Бо ў Расеі любяць несправядліва асуджаных мучанікаў, пакутнікаў за праўду, дэманструюць, словамі Пушкіна, «милость к падшим». І ўзгадваюць фэномэн Ельцына, папулярнасьць якога ўзьнеслася да нябёсаў пасьля таго, як ён выступіў на пленуме ЦК КПСС з крытыкай палітыкі Гарбачова і за гэта быў выключаны з складу ЦК.

Ці так гэта, пакажа час і сацыялёгія. Але тут будуць дарэчы паралелі з бліжэйшай гісторыяй ці, можа, нават сучаснасьцю.

Калі ва Ўкраіне прэзыдэнт Віктар Януковіч пасадзіў у турму свайго галоўнага праціўніка Юлю Цімашэнку, большасьць украінскіх палітолягаў амаль у адзін голас казалі: што ён робіць? Ён з глузду зьехаў! Ён жа падпісвае сабе палітычны прысуд. Бо выкліча абурэньне ўкраінскага грамадзтва відавочнай несправядлівасьцю, адбудзецца раскол эліт. А рэйтынг «мучаніцы» Юлі ўзьляціць угару. І Захад адвернецца ад Украіны, і Расея будзе незадаволеная, бо тую дамову, за якую судзілі Цімашэнку, яна падпісвала з Пуціным.

Прайшло два гады. І што? А нічога. Усе гэтыя прагнозы ня спраўдзіліся. Партыя рэгіёнаў узяла на парлямэнцкіх выбарах свае традыцыйныя працэнты. Рэйтынг Юлі ўпаў. Настрой насельніцтва можна выказаць формулай: чума на абодва вашы дамы. А ЭЗ у лістападзе на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні зьбіраецца падпісваць з Украінай дамову аб асацыяцыі.

Вернемся на грэшную беларускую зямлю. Калі 11 красавіка 1995 году на загад Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце зьбілі галадаючых дэпутатаў апазыцыі якраз напярэдадні парлямэнцкай выбарчай кампаніі, то ў асяродзьдзі журналістаў я ня раз чуў такую вэрсію: ну ўсё, цяпер БНФ пераможа на выбарах, бо прэзыдэнт зрабіў зь іх нявінных мучанікаў, пацярпелых за справядлівасьць. У выніку, як вядома, БНФ не атрымаў ніводнага мандату (у акругах, дзе балятаваліся Зянон Пазьняк і Валянцін Голубеў, былі відавочныя парушэньні, але агульнай карціны гэта не мяняе).

Пасьля, у другой палове 1990-х гадоў, у асяродзьдзі незалежнага грамадзтва часта казалі, што каб лідэр апазыцыі змог атрымаць падтрымку грамадзтва і перамагчы Лукашэнку, ён павінен прайсьці праз турму. Першым абверг гэтую гіпотэзу Міхаіл Чыгір. Ён быў арыштаваны адразу пасьля ўдзелу ў «прэзыдэнцкіх выбарах» 1999 году імя сьветлай памяці Віктара Ганчара. Хоць яму інкрымінавалі эканамічнае злачынства, але ўсе разумелі, што справа ў палітыцы. Пасьля некалькіх месяцаў зьняволеньня ён быў вызвалены і паспрабаваў удзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў 2000 году. І прайграў у менскай акрузе Натальлі Машэравай (што зафіксавалі незалежныя назіральнікі).

Потым лідэры апазыцыі пайшлі за краты касякамі. Пасядзелі там Казулін, Саньнікаў, Някляеў, Лябедзька, Севярынец, Статкевіч і іншыя. Вялікіх дывідэндаў па-за межамі апазыцыйнага гета згаданы факт біяграфіі ім не дадаў. Асабліва паказальны лёс Міколы Статкевіча. Сядзіць ужо другім разам. І паводзіць сябе вельмі мужна, адмаўляецца пісаць прашэньне аб памілаваньні. Аднак, паводле чэрвеньскага апытаньня НІСЭПД, сёньня за яго б прагаласавала толькі 2,4% (закрытае пытаньне).

У чым тут справа? Або на постсавецкай прасторы ня любяць герояў? Або гэтыя, умоўна кажучы, героі для большасьці насельніцтва чужыя? Сам чуў у грамадзкім транспарце, як пасьля таго зьбіцьця дэпутатаў БНФ некаторыя казалі: «Мала далі». Але вось жа парадокс: кандыдата ў члены палітбюро ЦК КПСС Барыса Ельцына народ прызнаў за свайго.

Або проста з часоў Пушкіна мэнтальнасьць людзей на гэтым абшары зьмянілася? Цяпер тут ня любяць лузэраў, тых, хто прайграў, паважаюць моцных, кіруюцца маральлю: пераможцаў ня судзяць?

У зьвязку з гэтым узгадваецца трагічная старонка нядаўняй расейскай гісторыі. У кастрычніку 2002 году ў Маскве на Дуброўцы чачэнскія тэрарысты захапілі закладнікаў. У выніку спэцапэрацыі сілавікоў усе тэрарысты былі зьнішчаныя, але разам зь імі загінула 130 закладнікаў. У нармальнай краіне пасьля такога жаху (калі спэцслужбы забіваюць 130 сваіх грамадзян) кіраўніцтва краіны было б вымушана пайсьці ў адстаўку. Але ў Расеі пасьля гэтай падзеі рэйтынг Пуціна вырас. Бо ўлада паказала моц. А тое, што загінулі мірныя жыхары, — ну дык лес сякуць — трэскі ляцяць. Народ даруе ўсё і нават захапляцца, калі ўлада дэманструе моц.

Але ў выпадку з Навальным вельмі хацеў бы памыліцца.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG