Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: У актывісткі шукалі наркотыкі


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі бабруйскай міліцыі правялі ператрус ў кватэры актывісткі грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры Валянціны Каваленкі. Шукалі наркатычныя рэчавы.

Са слоў спадарыні Каваленкі ёй патлумачылі, што бабруйская пракуратура аднавіла расьсьледаваньне крымінальнай справы 2011 году, у якой у паказаньнях аднаго з фігурантаў значыцца, што ён нібыта набываў у кватэры Каваленкі наркотыкі.

Сама ж Валянціна Каваленка заяўляе, што такім чынам на яе і на мужа чыняць псыхалягічны ціск, бо яны дамагаюцца перагляду выраку асуджанага сына:

«На дадзены момант ёсьць пратэст Генэральнай пракуратуры. Спачатку майму мужу пагражалі, у 2007 годзе яго асудзілі на сем гадоў. У 2010 годзе пасьля доўгай барацьбы майго мужа рэабілітавалі. Потым пачаліся праблемы ў сына. Яго пачалі перакідваць з калёніі ў калёнію. Мы не спыняемся. І цяпер яны за мяне ўзяліся. Гэта псыхалягічны ціск... Калі мужа асудзілі, то такія чуткі распускалі пра наркотыкі. Я асабіста зьвярталася да начальніка міліцыі, каб правялі праверку і выкрылі, хто распаўсюджвае такія чуткі. Мне далі адказ, што праверкай не ўстаноўлена хто. Я лічу, што ўсё гэта робіцца адмыслова, каб мы спынілі барацьбу за сына. Бо ёсьць пратэст і яны абавязаныя перагледзець справу сына»,— заявіла Свабодзе Валянціна Каваленка.

Панятымі пад час ператрусу ў яе кватэры былі суседзі.

Праваабаронца Тамара Сяргей, якая дапамагае Каваленкам у іх змаганьні перагледзець сынаву справу, таксама лічыць, што на іх чыніцца псыхалягічны ціск:

«На гэтае паказвае тое, што сёлета ўвесну тройчы спрабавалі завесьці крымінальную справу супраць мужа Валянціны Аляксандра бяз усялякіх падставаў. Спачатку выклікалі Аляксандра да мясцовых праваахоўнікаў, затым прыяжджалі з вобласьці, а потым і са сталіцы. 17 ліпеня саму Валянціну выклікалі ў пракуратуру па справе, якая ляжала ў архіве. Паказаньні супраць яе даў грамадзянін яшчэ ў сьнежні 2011 году. Што перашкаджала выклікаць яе тады на допыт і правесьці апэратыўна-вышуковы мерапрыемства, чаму цяпер узгадалі гэтую справу? На допыце Валянціна сказала, што ня ведае чалавека, які даў супраць яе паказаньні. Вось гэта ўсё дае мне права сьцьвярджаць, што на Каваленкаў аказваецца масіраваны ціск, каб яны забылі свайго роднага сына і не дамагаліся перагляду ягонай справы».

Сына Каваленкаў Ігара засудзілі на 18 гадоў зьняволеньня за забойства старога чалавека. Спадарыня Сяргей кажа, што малады чалавек не рабіў таго, ў чым яго зьвінавацілі, і ягоныя бацькі спрабуюць гэта даказаць. Праваабаронца нагадвае, што Генэральная пракуратура вынесла пратэст на вырак Ігару Каваленку:

«Орган нагляду ўгледзеў у справе парушэньні, але суд лічыць іх дробязямі. І гэта я лічу чорнай старонкай у судовай сыстэме нашай краіны, калі так грэбліва ставяцца да лёсу чалавека і ягонага жыцьця».
XS
SM
MD
LG