Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода сочыць за судовым працэсам над лідэрам расейскай апазыцыі Аляксеем Навальным, які выклікаў шырокі рэзананс у сьвеце.

Водгукі

Белы Дом: «Цягам працэсу мы выказвалі занепакоенасьць відавочнай палітычнай матываванасьцю. Нас трывожаць працэсуальныя парушэньні і законнасьць на працэсе, дзе судзьдзя перашкаджаў адвакатам у апытаньні і не дазволіў даць паказаньні некалькім сьведкам абароны». Белы дом лічыць прысуд «часткай трывожнай тэндэнцыі дзеяньняў ураду» дзеля ціску на грамадзянскую супольнасьць Расеі.

Эўразьвяз: «Прысуд, з улікам працэдурных парушэньняў, уздымае сур'ёзныя пытаньні пра стан законнасьці ў Расеі. Высокі прадстаўнік ЭЗ Кэтрын Эштан спадзяецца, што прысуды будуць перагледжаныя падчас апэляцыі».

Былі кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў заявіў, што прысуд пацьвердзіў, што суды ў Расеі не зьяўляюцца незалежнымі.

Былы міністар фінансаў і паплечнік Пуціна Аляксей Кудрын сказаў, што прысуд пашкодзіць бізнэсу і інвэстыцыйнаму клімату ў Расеі.

Што наступнае

На працягу 10 дзён адвакаты падаюць апэляцыю. Цягам 30 дзён абласны суд павінен пачаць яе разгляд. Рашэньне абласнога суду можа быць абскарджанае ў Вярхоўным судзе. Вярхоўны суд можа адмовіцца разглядаць справу і тады рашэньне абласнога суду застаецца канчатковым.

Іншыя крымінальныя абвінавачаньні

Пракуратура завяла яшчэ тры справы на Навальнага. Паводле адной, яго рэклямная фірма нанесла страты памерам 2 млн. даляраў Саюзу правых сілаў у 2007. Паводле другой, паштовая фірма, якая належала Навальнаму і яго брату, нанесла страты касмэтычнай кампаніі Іў Рашэ. І трэцяе абвінавачаньне тычыцца змовы незаконна прыватызаваць сьпіртзавод ў Кіраўскай вобласьці.

Удзел у выбарах мэра Масквы

Паводле закону, Навальны можа працягваць сваю выбарчую кампанію да заканчэньня апэляцыяў. Выбары прызначаныя на 8 верасьня. Прадстаўніца Навальнага паведамляла, што пасьля прысуду Навальны ня будзе браць удзел у выбарчай кампаніі, але яго штаб будзе працягваць працаваць.

Антыкарупцыйная кампанія

Будзе працягвацца. Антыкарупцыйны Фонд Навальнага заявіў, што працягне дзейнасьць.

Навальны заклікаў да супрацоўніцтва: «Ясна, што трэба рабіць і як рабіць, і якімі сродкамі рабіць. Галоўнае – набрацца мужнасьці, адкінуць ляноту і рабіць. Ніякага асаблівага лідэрства тут ня трэба».
XS
SM
MD
LG