Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд даў Халіп свабоду

19 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску зьняў пакараньне з журналісткі Ірыны Халіп.


14:41 19.7.2013
Някляеў: «І зноў не па-людзку»

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў кажа, што ягонае стаўленьне да сёньняшняга рашэньня суду станоўчае:

«Невінаваты чалавек нарэшце прызнаны невінаватым.

А да таго, як гэта ўсё адбывалася і абстаўлялася, у мяне стаўленьне адмоўнае. Учынілі зноў на роўным месцы праблему і напружаньне. У нас што не робіцца, усё выходзіць як заўсёды. Таму што сама сыстэма ставіць людзей у стан няпэўнасьці. Ні судзьдзя, ні міліцыянт, ні сакратарка суду ня ведаюць, што ім будзе, калі яны зробяць так альбо гэтак. Калі б яны рабілі ўсё гэта самастойна, без таго, што ім спускаецца „зьверху“, то ўсё было б па-людзку. А так...»
14:06 19.7.2013

Лабковіч: «Адкрыты суд хацелі зрабіць закрытым»


Сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч адзначае, што суд над Ірынак Халіп быў найперш знакавы сваёй працэдурай:

«Нават у сытуацыі фармальнага працэсуальнага паседжаньня, бо ў Ірыны Халіп няма спагнаньняў, да яе няма прэтэнзіяў з боку адбыцьця адтэрміноўкі, судзьдзя абсалютна дэманстратыўна ігнаравала правы журналістаў і ўвогуле правы грамадзтва. Была зладжаная абсалютна незразумелая кляўнада са спробай адкрыты суд зрабіць закрытым, схаваць за кратамі калідора Ірыну Халіп і яе адваката і правесьці фактычна закрытае паседжаньне.

Гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што нават на такім фармальным роўні ў нас, у Беларусі, адсутнічае элемэнтарны доступ да правасудзьдзя. А судовая сыстэма скіраваная не на тое, каб бараніць правы грамадзянаў, а ёсьць насамрэч частка палітычна рэпрэсійнага апарату».
13:29 19.7.2013

Гразнова: «Рашэньне з разьлікам на Брусэль»


Кіраўніца грамадзкай арганізацыі «Праваабарончы альянс», які зарэгістраваны ў Вільні, Людміла Гразнова лічыць, што сёньняшняе рашэньне па справе Ірыны Халіп зроблена з разьлікам на станоўчую рэакцыю з боку Брусэлю:

«Гэта рашэньне было вынесена ў прававым рэчышчы. Але ж тут трэба ўлічваць, што у нас усе дзейнічаюць у палітычных варунках. І таму тлумачэньне трэба шукаць, гледзячы на гэтыя варункі.

У тым пляне, што ў нейкім сэнсе адліга ўсё ж адбываецца. Беларускім уладам зараз невыгадна абвастраць унутрыпалітычную абстаноўку, каб гэтым не сапсаваць дыялёг з эўрапейскімі краінамі».
13:00 19.7.2013

Бастунец: «І сёньня прынцып галоснасьці парушалі»


Намесьнік старшыні праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец камэнтуе судовае рашэньня ў справе журналісткі Ірыны Халіп:

«Ірына Халіп вызваленая ад пакараньня. Гэта азначае і яшчэ зьняцьцё зь яе судзімасьці і аднаўленьня яе ў правах. Зразумела, гэта можна толькі вітаць.

І тым ня менш я заўважыў, што сам судовы працэс праходзіў з парушэньнем прынцыпаў галоснасьці: не дазваляўся аўдыазапіс, не пускалі ў залю відэа- і фотакарэспандэнтаў».

Загрузіць яшчэ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG