Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксея Шчадрова могуць прызнаць вязьнем сумленьня


Аляксей Шчадроў

Аляксей Шчадроў

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнае вязьнем сумленьня Аляксея Шчадрова, які абвінавачваецца па артыкуле 193.1 КК (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), калі ён будзе асуджаны і апынецца за кратамі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве арганізацыі ад 17 ліпеня на афіцыйным сайце amnesty.org.

Крымінальная справа ў дачыненьні да жыхара вёскі Аляксандраўка (Шчучынскі раён Гарадзенскай вобласьці) каталіка Аляксея Шчадрова, які арганізаваў прытулак для бяздомных, была ўзбуджаная ў чэрвені. Яму пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Згодна з пастановай начальніка аддзела аховы парадку і прафіляктыкі Шчучынскага РАУС Сяргея Асавіка, які разглядаў матэрыялы праверкі, Шчадроў «арганізаваў дзейнасьць незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і забясьпечыў ўмовы для яе функцыянаваньня без рэгістрацыі ва ўстаноўленым законам парадку».

Сам Шчадроў заявіў, што не ствараў ніякіх арганізацый, а займаецца дабрачыннасьцю і стварыў прытулак для бяздомных.

«Міжнародная амністыя» заклікае ўсясьветную грамадзкасьць адпраўляць на адрас Аляксандра Лукашэнкі і генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка лісты з заклікам неадкладна спыніць крымінальны перасьлед Шчадрова.

Зь 2005 па 2012 гады па артыкуле 193.1 КК у Беларусі былі асуджаныя 18 чалавек, пяць зь іх асуджаныя да пазбаўленьня волі, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG