Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бясплатнай адукацыі ў Беларусі фактычна не засталося»


Юры Сідун
Юры Сідун

Які стан цяперашні стан вышэйшай адукацыі ў Беларусі, ці абгрунтаваныя эканамічна штогадовыя падвышэньні коштаў за навучаньні ва ўнівэрсытэтах? Ці ўвогуле засталіся падставы сёньня гаварыць пра бясплатнасьць беларускай адукацыі?

На гэтыя пытаньне адказвае каардынатар сайту «Generation.by» Юры Сідун.

Цыганкоў: Ці адпавядае сёньняшні ўзровень беларускай адукацыі тым патрабаваньням сучаснасьці, якія стаяць перад краінай? Калі казаць пра больш непасрэдную нагоду — чарговае падаражаньне коштаў — ці яно апраўданае патрабаваньням навучальнага працэсу?

Сідун: У агульным сэнсе, вядома ж, беларуская адукацыя не адпавядае сучасным патрабаваньням, якія існуюць у сьвеце да прафэсіяналаў з унівэрсытэцкім дыплёмам. І нездарма Беларусь не ўваходзіць у агульнаэўрапейскі Балёнскі працэс — хаця ўжо і сама хоча.

Што да падаражаньня, то ў залежнасьці ад розных сфэраў адукацыі — гэта можа выглядаць і натуральным. У інфармацыйных тэхналёгіях, напрыклад, у факультэтах, якія выпускаюць праграмістаў — там адчуваецца вялікі недахоп якасных адмыслоўцаў. Там не існуе праблемы вярнуць сродкі, затрачаныя на навучаньне — бо заробкі дастаткова высокія. Але гэта ці не адзіная сфэра, дзе існуе такая неблагая сытуацыя.

Цыганкоў: Якім шляхам увогуле варта было б ісьці беларускай сыстэме адукацыі? Ці настойваць на тым, што ў краіне нібыта сапраўды існуе бясплатная адукацыя (хаця ўжо дзьве траціны студэнтаў навучаюцца за свае грошы) ці ісьці па шляху стварэньня больш дарагой, элітнай адукацыі, і толькі невялікую частку пакідаць бясплатнай?

Сідун: Бясплатнай адукацыі ў Беларусі фактычна не засталося. Бо студэнты вымушаны адпрацоўваць гэтую так званую «бясплатную адукацыю» на разьмеркаваньні. І гэта стала вялікай праблемай для многіх выпусьнікоў. Бо раней гэтага разьмеркаваньня можна было неяк пазьбягаць — але з прыняцьцём кодэксу аб адукацыі сытуацыя вельмі моцна ўзмацнілася.

Фактычна гэтая траціна студэнтаў, якая фармальна вучыцца «бясплатна» (аднак гэта аплочваецца з нашых падаткаў) — яшчэ мусіць гэтую адукацыю адпрацоўваць.

На маю думку, сытуацыя мусіць разьвівацца ў тым кірунку, як вы і сказалі — калі частка адукацыі будзе сапраўды бясплатнай, але заставацца якаснай, а другая частка будзе аплочвацца — але плата мусіць быць адпаведная беларускай эканамічнай сытуацыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG