Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін: «Паднялі б лепш якасьць навучаньня, а ня кошты»


У новым навучальным годзе істотна вырастуць кошты на вышэйшую адукацыю — на 20%.

Чыноўнік Міністэрства адукацыі Сяргей Раманюк у эфіры Беларускага тэлебачаньня патлумачыў чарговае павышэньне тым, што нібыта ў мінулым навучальным годзе стаўка першага тарыфнага разраду павышалася тройчы, але гэта ніяк не адбівалася на коштах навучаньня.

Колькі будзе каштаваць вышэйшая адукацыя і ці ў стане бацькі плаціць за навучаньне дзяцей.

Плата за навучаньне ўздымалася і ў мінулым навучальным годзе: з красавіка — на 10%. А вось пазамінулы, 2011–2012 навучальны год быў рэкордны па колькасьці павышэньняў: ажно 4 разы расьлі кошты, прычым раз — на 29%, двойчы — на 25% і раз — на 5%.

Не чакаючы 1 верасьня, шмат якія ВНУ ўжо паднялі кошты на навучаньне.

У Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце навучаньне на лячэбным факультэце абыдзецца ў 16 мільёнаў 400 тысяч рублёў, на стаматалягічным — у 19 мільёнаў 150 тысяч. БНТУ паведамляе, што кошт навучаньня для платнікаў складзе ад 13,5 мільёна да 14 мільёнаў 720 тысяч рублёў.

Паводле коштаў навучаньня Беларусь ужо абганяе некаторыя эўрапейскія краіны, а вось якасьць усё горшая, кажа былы рэктар БДУ прафэсар Аляксандар Казулін:

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
«Паднялі б лепш якасьць навучаньня, чым кошты. Мы назіраем ужо ня проста стагнацыю ў сыстэме адукацыі, а дэградацыю. У нас цяпер уся сыстэма адукацыі — і ВНУ, і школы — ператварыліся проста ў машыны па зарабляньні грошай. А пакуль грошы на першым месцы, ні пра якую якасьць адукацыі ня можа ісьці гаворкі. А з новага навучальнага году шмат якія ВНУ пераводзяць на чатырохгодку. Гэта будзе азначаць толькі адно: што мы пахаваем сыстэму вышэйшай адукацыі».

У спадарыні Ірыны з Глыбокага сёлета сын зьбіраецца паступаць на прэстыжны эканамічны факультэт БДУ, дзе плата за год навучаньня даўно ўжо дасягнула дзьвюх тысяч даляраў у эквіваленце. Калі сын ня пройдзе на бюджэт, сям’я наўрад ці пацягне аплату вучобы:

«Нават пры заробку больш за 500 даляраў, пра які заяўляе наш урад, бацькі
за такія грошы можна паспрабаваць атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой
ня ў стане аплачваць адукацыю свайму дзіцяці. Адна справа, калі дзіця яшчэ жыве з бацькамі ў Менску. А калі студэнт прыехаў зь іншай мясцовасьці? Наняць кватэру — гэта як мінімум 300 даляраў, плюс плата за навучаньне, плюс харчаваньне... Гэта вельмі-вельмі цяжка. Калі яшчэ плату за навучаньне падвысяць на 20%, няшмат бацькоў будуць у стане аплачваць адукацыю ў Беларусі. Да таго ж за такія грошы можна паспрабаваць атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. У некаторых краінах Эўропы наагул адукацыя бясплатная».

Ірына цяпер пралічвае, у колькі ёй абыдзецца навучаньне сына ў суседняй Літве ці Польшчы.

Калі на прэстыжныя факультэты — юрыдычны, міжнародных адносінаў, эканамічны — у той жа БДУ сёлета, магчыма, будзе высокі прахадны бал, то на шмат якія спэцыяльнасьці чакаецца недабор нават на бюджэт — вынікі цэнтралізаванага тэставаньня несуцяшальныя, кажа прафэсар Аляксандар Казулін:

«У гэтым годзе на бюджэтныя месцы, хутчэй за ўсё, будзе недабор — на фізыку, хімію, матэматыку. Цэнтралізаванае тэставаньне паказала, які ўзровень школьнай адукацыі: калі 36% абітурыентаў ня могуць набраць мінімальныя для паступленьня 15 балаў — гэта яскравае сьведчаньне таго, што адбываецца. Гэта пры тым, што сёлета заданьні на ЦТ былі значна прасьцейшыя, чым раней».

Але ніводзін з высокіх чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, ніхто з Інстытуту кантролю ведаў ні разу ня выказаў заклапочанасьці, хоць з кожным годам тэсты ўсё прасьцейшыя, а вынікі ўсё горшыя і горшыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG